Автор: Михаил Волчек

Часта падзеі, якія ладзяцца актывістамі ў розных гарадах і мястэчках, хутка забываюцца. Шэрыя сцены гарадскіх забудоў пачынаюць зноў ціснуць. Пазітыўны зарад Грушаўскага фэсту патрохі расходуецца і заціраецца часам. Халодная пазіцыя ўладаў па гарадскім актывізме ў Малінаўцы і Уруччы ставіць новыя выклікі гораду. Энтузіязм лістападаўскага ўрбаністычнага фестывалю запаволіўся і чакае вясны. Ці дачакаецца?

Устойлівы вынік

Якога эффекту хоча дасягнуць гарадскі актывіст ці ініцыятыва ў сваёй дзейнасці? Ці важна захаваць адкрытасць і максімальную ўключанасць і актывістаў, і жыхароў у супрацу і фарміраванне дыскурсу месца? Ці важна перадача ведаў пра месца? Якую каштоўнаць актывіст хоча актуалізаваць падчас інтэрвенцыі ў пэўным раёне, двары?

Шэрыя зоны інтэрвенцый

Шукаючы звесткі пра лакальныя з’явы, асобаў, феномены або месцы, сутыкаешся з недахопам інфармацыі, на якой можна пачынаць даследванне або грамадскую дзейнасць. Калі няма інфармацыі, няма пра што і гаварыць, і адстойваць пэўную пазіцыю. Дарэчы, гэта не значыць, што дагэтуль ніхто не даследваў феномен.

Возьмем, напрыклад, роварны рух. Дагэтуль няма аніякай інфармацыі пра Мінскае Роварнае Таварыста, ВелаГродна (апошняга месяца), пра сацыяльную майстэрню Гараж, пра Крытычную Масу ў рэгіёнах, праект Адрыў, або веласцяжыны ў Мінску, ці шматлікія значныя з’явы ў роварным руху Беларусі.

Першая праблема, якую вырашае Вікіпедыя — гэта пазбаўленне валанцёраў і грамадскіх дзеячаў ад двайной працы. Калі актывіст робіць артыкул у Вікіпедыі, ён дапамагае не толькі сабе лепей зразумець аб’ект, які ён хоча змяніць або даследваць, але дае магчымасць іншым актывістам пераходзіць на наступны ўзровень праблематыкі, пазбягаючы замкнёнага кола з недахопам інфармацыі.

Урэзка: Карыстальнікі беларускай Вікіпедыі актыўна зацікааўленыя атрымліваць веды пра лакальныя з’явы, асобаў, месцы, ініцыятывы. Згодна даследванню, якое ладзілася арганізацыяй Фаланстэр у снежні 2014 г. і сабрала каля 200 анкет

Прынцып талакі ў горадзе

Другая праблема гэта — інтэграцыя жадаемых паводзінаў і каштоўшнасцяў у мясцовую суполку. Тут цікавы прыклад традыцыі беларускіх сялян, якія для вырашэння гарачых праблем выкарыстоўвалі метад талакі. Яны збіраліся ўсёй вёскай і рабілі нейкую справу. Гэта, напрыклад, маглі быць збор ураджаю, пабудова хаты, выкопванне калодзежа. Справа ішла больш рупна. У выніку вёска атрымлівала новы двор ці карысную для ўсіх рэч (млын, калодзеж, дарогу і інш.)

Падобным прынцыпам карыстаецца Вікіпедыя пры фарміраванні артыкулаў. Нейкі карыстальнік можа дадаць артыкул, іншы запампуе фота для яго, трэці вычытае на памылкі, пяты адновіць звесткі, якія маглі састарэць і г.д. У выніку атрымалася Вікіпедыя, якую мы бачым зараз. Тут увасобіўся ідэал лакальнай практыкі і глабальнага выніку. Як разумею, у гарадскі рух Беларусі менавіта гэткі прынцып і закладваецца.

Дух мясцовасці

Для дынамічнага развіцця горада неабходныя прастора, людзі і дух. Апошняга кампанента звычайна бракуе.
Падчас сумеснага напісання, рэдагавання матэрыялаў у Вікіпедыі адбываюцца пастаянныя камунікацыі ўдзельнікаў, ствараюцца новыя сувязі паміж рознымі карыстальнікамі, узнікае агульнае бачанне справы, прымаюцца рашэнні, і тым самым фарміруецца агульны лёс. Гэты лёс, зафіксаваны на старонках Вікіпедыі, адлюстроўвае так званы дух месца. Безумоўна, праяўленне духу ў рэале нашмат больш эфектыўна, але сеціва і разам з тым Вікіпедыя, дае першае ўраджанне пры вывучэнні месца, актуалізацыі яго праблем і гісторыі.

Вікіпедыя змяняе ландшафт

осмоловка

Перад дэбатамі падчас Урбаністычнага Фестывалю (2014) пра Асмалоўку гэты для некага адметны мікрараён не меў агульнай камунікатыўнай пляцоўкі. Пра што гаварыць? Пра назву мікрараёна ці старыя гніючыя будынкі? У чым яе каштоўнаць і адрозненне ад шматлікіх іншых раёнаў Мінска? Дарэчы, падобныя кварталы, як Асмалоўка, ёсць і на вуліцы Янкі Маўра і ля Аўтазовода і інш.

Праводзячы майстар-клас падчас гэтага фестывалю, я адмыслова стварыў невялікі артыкул у Вікіпедыі пра Асмалоўку. Зараз можна адзначыць, што апошнія месяцы гэты артыкул перажыў шэраг абазначаных вышэй уздзеянняў. Ён быў дапоўнены, была зменена назва, заліта фотагалерэя, падабраны крыніцы, тэкст адрэдагавалі больш вопытныя вікіпедысты. Зараз, калі паглядзець на гэты артыкул, бачна, што ён пачаў насычацца спасылкамі на розныя з’явы, асобаў. Гэта значыць, Асмалоўка — не проста месца, гэта з’ява для шэрагу людзей, пэўных супольнасцяў.


Светлана Ермакович СС BY-SA

Вікіпедыя дае магчымасць дынамічнага звязвання з’яў, якія ладзяцца рознымі людзімі ў розных месцах горада і ў розны час. Гэтым самым канструюецца цэлы космас. З’яўляецца магчымасць трансляваць гэты космас на розных мовах і розным мэтавым групам, у тым ліку ўладам і грамадству.

Перадусім ствараецца набор артыкулаў, выяваў, гіперспасылак, якія даюць магчымасць разумець дынаміку супольнасці, архітэктурных аб’ектаў і цэлых тэрыторый. Разгалінаваная структура артыкулаў стварае інтэлектуальны ландшафт, які становіцца кропкай прыцягнення, месцам дыскусіі і пачаткам перамен.

Арыгінальныя з’явы

Вікіпедыя карысная не толькі сваёй анлайн платформай, а нашмат болей той супольнасцю і прынцыпамі, на якіх працуе: не знайшоўпатрэбнага артыкула — напішы яго сам. Калі гэта будзе зусім фантастыка ці рэклама, вядома, яго супольнасць выдаліць. Але пры дастатковых намаганнях магчыма натаваць устойлівыя лакальныя працэсы і ініцыятывы (напрыклад, Мовананова, Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» і г.д.)

Уздзейнічаць на кантэкст

Апісанне сябе. Гэта, відаць, адзін з наймацнейшых бакоў у Вікіпедыі. Актывісты і дзеячы могуць дадаваць інфармацыю, якую яны самі ствараюць. Вядома, што трэба выкарыстоўваць трэція крыніцы, каб зрабіць энцыклапедычны артыкул, але выкладанне фактаў, іх інтэрпрэтацыя знаходзіцца цалкам у руках ініцыятыў і актывістаў, а не вузкага экспертнага кола ці адміна нейкага партала. Самае цікавае, што гэты «здымак» супольнасці самой сябе — не статычны. Вікіпедыя пастаяння дае шанец ўздзейнічаць на кантэкст. Артыкулы павялічваюцца, абрастаюць сувязямі і становяцца асяродкамі першаснай інфармацыі для журналістаў, даследчыкаў, сеткавых жыхароў.

У заключэнне хачу дадаць, что Вікіпедыя — гэта не рэкламны праспект і не СМІ, гэта і не энцыклапедыя, як зараз прынята разумець. Гэта з’ява, якая ахоплівае іншыя з’явы сваёй адкрытасцю і магчымасцю быць уключаным у яе фарміраванне. Пакуль беларускі ўрбаністычны рух асэнсоўвае горад, перад актывістамі і даследчыкамі ляжыць вельмі магутная прылада для развіцця сваіх ідэй і мар.

rizoma
CC BY-SA 4.0

Крыніцы фота
http://darriuss.livejournal.com/626219.html
http://content.onliner.by/