Першапублікацыя на англійскай мове Vonderau, Asta. «Technologies of Imagination: Locating the Cloud in Sweden’s North.» Imaginations 8:2 (2017): Web (18 Nov 2018) 8-21. DOI: 10.17742/IMAGE.LD.8.2.2

Пераклад Людмілы Слівінскай і Насты Тулаевай

Уздым ІТ-індустрыі — рэальны і ўяўны — з нядаўняга часу стала фігуруе ў размовах пра будучыню Беларусі (адносіны паміж ІТ і горадам сталі тэмай другога дня Мінскага урбаністычнага форуму 2018). Між тым, інфармацыйная галіна ўжо змяняе некаторыя месцы Еўропы:сярод іх — былы гарняцкі рэгіён Нарботэн у Швецыі, далёка на поўнач ад сталіцы краіны. У Беларусі, хоць Мінск не без поспехаў пераарыентоўвае былыя прамысловыя прасторы на новыя актыўнасці, дэіндустрыялізацыя немінуча працягнецца і перадусім закране невялікія гарады, часам крытычна залежныя ад горадаўтваральных прадпрыемстваў. Што адбываецца, калі ў невялікім горадзе пасля заняпаду цяжкай прамысловасці абвяшчаюць пра з’яўленне дата-цэнтра буйнога медыягіганта? Як прыход матэрыяльнай інфраструктуры лічбавых тэхналогій змяняе жыццё мясцовага насельніцтва; якія фантазіі, страхі і надзеі з сабой прыносіць? Чытайце наш пераклад артыкула Асты Фондэраў пра тое як будаўніцтва дата-цэнтра Фэйсбук перажывае шведскі горад Лулеа (Luleå).

Аста Фондераў (Asta Vonderau) — прафесарка сацыяльнай антрапалогіі ва Універсітэце Стакгольма. Яна даследуе адносіны паміж ІТ і рэгіянальнымі зменамі ў Еўропе, а таксама лакальную адаптацыю нормаў і палітык Еўразвяза пасля 1990. У 2010-м выйшла ейная кніга Leben im neuen Europa. Konsum, Lebensstile und Körpertechniken im Postsozialismus [Жывучы ў Новай Еўропе: спажыванне, лады жыцця і тэхнікі целеснасці ў постсацыялізме].


Калі ў 2011 годзе вядучая cусветная IT-кампанія пажадала размясціць свае аб’екты інфраструктуры у шведскім горадзе Лулеа, гэтая навіна адразу ж справакавала з’яўленне сцэнараў і візій будучыні ў новай індустрыяльнай эры, эканамічнага росквіту і змен у гарадскім жыцці. Гэтыя чаканні падтрымліваліся і фармаваліся дзеяннямі гарадскіх уладаў і бізнэсу, якія ў кароткім часе матэрыялізаваліся ў форме будаўнічых пляцовак, рэгіянальных стратэгій развіцця ды новых рынкаў. Паколькі сапраўдная назва і дзейнасць IT-кампаніі трымаліся ў поўным сакрэце, планаванне і рэалізацыя «Залатога праекта» («Project Gold») — такую мясцовую назву атрымаў праект дата-цэнтру — былі ў аднолькавай ступені абумоўлены калектыўнымі ўяўленнямі, рэальнымі фактамі і мінулым досведам. Гэтая праца грунтуецца на этнаграфічным даследаванні, якое праводзілася пасля з’яўлення першага еўрапейскага дата-цэнтра кампаніі Фэйсбук у горадзе Лулеа. У ей аналізуюцца розныя рэжымы бачнай ды нябачнай прысутнасці інфраструктуры дата-цэнтру, а таксама паказваецца, якім чынам уяўленні ўплываюць на рэалізацыю воблака ў Лулеа і фармуюць час ды прастору «пост-здабыўнай мадэрнасці». Сярод іншага, праца факусуецца на сацыяльна-тэхнічных умовах, а таксама канкрэтных практыках і стылях — тэхналогіях уяўлення — якія робяць уяўленні магчымымі.

Уводзіны: мара мэра

«Ведаеце, калі шведскія мэры мараць, часцей за ўсё яны мараць, каб Ікея адчыніла сваю краму ў іх горадзе. Аднак у нашай краіне болей за 30 крам Ікеі, і толькі адзін Фэйсбук —тут, у Лулеа!» (Інтэрв’ю, красавік 2014). Гэтымі словамі Карл Петэрсан (Karl Petersen), гарадскі упаўнаважаны (ці, як ён сам называе сябе, «мэр») Лулеа, прамысловага гарадка ля Палярнага круга на поўначы Швецыі, прадстаўляе мне самы амбіцыйны індустрыяльны праект горада — дата-цэнтр Фэйсбука. Петэрсан прызнаецца: да таго, як з ім звязаліся прадстаўнікі бізнес-агенцтва Лулеа з ідэяй прадаць нардычны мароз воблачнай індустрыі, ён ведаў пра патрэбы IT-інфраструктуры няшмат. Гэтая незвычайная для шведскага муніцыпалітэту бізнэс-ідэя прывяла да нечаканага поспеху, калі вядучы на планеце сервіс сацыяльных сетак аб’явіў пра рашэнне размясціць свой першы еўрапейскі дата-цэнтр у Лулеа.[1]

Фота 1. Мэр Лулеа Карл Петэрсен у прома-відэа для Volvo і Node Pole

Аб’ява ад Фэйсбука зрабіла горад Лулеа вядомым у Швецыі і па-за яе межамі як месца, «дзе воблака прызямляецца», як сказалі б мае суразмоўцы. Гэтая падзея таксама прынесла імгненную славу муніцыпальнаму ўпаўнаважанаму і ягоным калегам. Сярод незлічоных інтэрв’ю ды рэпартажаў, што з’явіліся падчас шалёнай увагі нацыянальнай і сусветнай прэсы, сам Петэрсан зрабіўся героем рэкламна-інфармацыйнага роліка пад назвай «Думаць па-шведску: падарожжа да Пауночнага вузла» (арыгінальная назва на англійскай мове пабудавана на падобнасці гучання Node Pole да Nord Pole, то бок Паўночнага полюсу — заўвага перакладчыцы). У роліку Петэрсан выказваецца пра здольнасць свайго горада і рэгіёна стварыць спрыяльныя ўмовы дзякуючы суроваму арктычнаму клімату і пэрыферыйнаму геаграфічнаму становішчу. Усхваляючы гэтае ўменне «атрымоўваць больш з меншага» як нацыянальную рысу, ролік паказаў, што мара мэра была наўпрост звязаная з эканамічным развіццём і каллектыўнымі ўяуленнямі, якія ідуць значна далей за асабістыя амбіцыі ды межы найбольш паўночнай шведскай акругі Нарботэн.

Праект Петэрсана з Фэйсбукам прывёў у рэгіён новую галіну эканомікі, а таксама звярнуў увагу сусветных правайдэраў IT-інфраструктуры да Швецыі як ключавога еўрапейскага месца для размяшчэння воблачнай інфраструктуры. Такое развіццё супала са стратэгіяй шведскага ўраду, сфармуляванай у Лічбавым парадку дня для Швецыі (Digital Agenda for Sweden): зрабіць краіну адной з мацнейшых IT-нацый на сусветнай арэне, а таксама спарадзіла чаканне новай індустрыяльнай эры, угрунтаванай у прыходзе «пост-здабыўнай мадэрнасці».

Гэты артыкул даследуе, як глабальнае сусветнае воблака матэрыялізуецца ў асобным сацыяльна-культурным кантэксце. На аснове этнаграфічнага даследавання рэалізацыі першага еўрапейскага дата-цэнтра кампаніі Фэйсбук у горадзе Лулеа праца дэманструе, што гэты маштабны інфраструктурны праект з’яўляецца часткай «эканомікі чаканняў» (economy of anticipation), характэрнай для часовай палітыкі сённяшняга (лічбавага) капіталізму (Cross). Тэкст таксама дэманструе, як цягам размяшчэння воблака рэканфігуруюцца нацыянальныя тэрыторыі, з’яўляюцца новыя суб’ектнасці i цялесныя вопыты/перажыванні; мясцовыя сцэнары будучыні перайначваюцца пад уплывам чакання i ўяўлення. Факусуючыся на штодзённых працэсах стварэння інфраструктуры, гэтае даследаванне разглядае пытанні рaзмяшчэння ўлады, агентаў дзеяння ды практык у IT-эканоміцы з антрапалагічнага пункту гледжання.

Я назірала за працэсам планавання і рэалізацыі дата-цэнтра Фэйсбука цягам амаль двух гадоў. З-за комплекснасці вялікіх інфраструктурных праектаў, а таксама складанасцяў з доступам да дата-цэнтру, у ходзе маіх палявых даследаванняў я не мела намеру затрымлівацца на пэўных месцах на доўгі час. Замест гэтага, даследаванні ўключалі ў сябе шматлікія «паліморфныя злучэнні» (polymorphous engagements, Gusterson) — то бок, мноства інтэракцый вакол праекту дата-цэнтра Фэйсбука ў розных інстытуцыянальных і галіновых кантэкстах, знаёмства з рознабаковымі экспертнымі культурамі, дыскурсамі, асобамі і тэхналогіямі. Гэта ўключала ў сябе, напрыклад, інтэрв’ю з рэгіянальнымі і нацыянальнымі палітыкамі, адказнымі за прыняцце рашэнняў, муніцыпальнымі службоўцамі, інжынерамі і мэнэджэрамі дата-цэнтру, а таксама прадстаўнікамі кампаній, такіх як «Дата-Цэнтр Дынамікс»; назіранні на будаўнічых пляцоўках дата-цэнтру, галіновых ды адкрытых мерапрыемствах, прысвечаных IT-тэматыцы, удзел у канферэнцыях, а таксама аналіз мясцовай і сусветнай прэсы і палітычных дакументаў, такіх як карты, рэгіянальныя праграмы развіцця і нацыянальныя IT-стратэгіi [2].

Знаходзячыся ў межах міждысцыплінарных даследаванняў інфраструктуры, праца разглядае дата-цэнтр Фэйсбука як частку воблачнай інфраструктуры. З гэтага гледзішча дата-цэнтр — болей чым проста элемент нейкай функцыянальнай тэхналагічнай сістэмы; гэта аспрэчная і ў аснове сваёй рэляцыйная тэхна-сацыяльная канфігурацыя (гл. Hu; Larkin; Dourish and Bell; Parks; Starosielski; Bowker et al.). Канкрэтныя стратэгіі ды практыкі размяшчэння воблака тут разумеюцца як форма інфраструктуравання / інфраструктурызацыі (іnfrastructuring, Niewöhner) — няспыннага аб’яднання, узаемадачыненняў і каардынацыі тэхналогій, супольнасцяў актараў, арганізацыйных структур і маральных каштоўнасцей.

Такі падыход да інфраструктурызацыі падкрэслівае складанасць працы, якой патрабуюць працэсы стварэння інфраструктуры. Інфраструктурызацыя воблака будзе апісана перадусім з пункту гледжання мясцовых улад і экспертаў, у тым ліку палітыкаў, бізнес-дэвелапераў, кансультантаў, муніцыпальных службоўцаў гарадскога планавання, архітэктараў, а таксама экспертаў у галіне IT ды экалогіі. Прызнаючы розныя задачы і інтарэсы гэтых актараў адносна працэсу стварэння дата-цэнтра, ды супрацьпастаўляючы іх з асабістымі карпаратыўнымі інтарэсамі Фэйсбука датычна сакрэтнасці інфраструктуры i кантролю (ня-)бачнасці, я аналізую некаторыя мясцовыя сацыяльныя эфекты воблака.

Паводле Дж.Кросс, вялікія інфраструктурныя праекты з’яўляюцца часткай глабальнай эканомікі чаканняў, характэрнай для сучаснага капіталізму. Такія эканомікі сілкуюцца мноствам мар пра будучыню, адносна якіх сучаснасць пастаянна перагледжваецца (Cross: 8). Інфраструктурныя праекты прадстаўляюць сабой поле фантазіі і жаданняў; яны ёсць афектыўныя прасторы, у якіх «адчуванні будучых перспектыў могуць захапіць целы, асоб і свядомасці» (Cross 9). Адпаведна, я разумею шведскі дата-цэнтр Фэйсбука ды інфраструктуру ў цэлым як аб’ект фантазіі і жаданняў, што выклікае «пачуцце мадэрнасці» (Mrazek) — то бок, надзеі і чаканні новага часу, «працэс, цягам якога і цела, і розум адчуваюць, што азначае быць мадэрновым, зменлівым і прагрэсіўным» (Larkin 337). Рэканфігурацыя тэрыторый і суб’ектнасцяў, выкліканая воблачнай інфраструктурай, такім чынам, уключае у сябе не толькі цялесныя і матэрыяльныя аб’екты, але таксама аб’екты, надзеленыя ўяўленнем (Harvey 17).

Фота 2. Вялікі палец Фэйсбука ў абедзенным пакоі бізнес-агенцтва ЛулеаФотаздымак зроблены аўтарам, красавік 2014 г.

Уяўленне — як практыка сінтэзу ведаў, «аб’ядноўванне мноства вонкавых формаў і здольнасці суадносіць іх» (Sneath et al. 11) — такім чынам неад’емна звязана з працэсамі інфраструктурызацыі і сацыяльнымі трансфармацыямі, выкліканымі гэтымі працэсамі. Далей увага будзе накіраваная на спробы розных актараў ажыццявіць уяўныя будучыні, а таксама на сутыкненні, выкліканыя розніцай позіркаў на тое, што будучыня прынясе з сабой. Такім чынам, этнаграфія воблачнай інфраструктурызацыі дазволіць выявіць тое, што Сніс, Холбраад і Педерсен называюць «тэхналогіямі ўяўлення», або «асаблівымі матэрыяльнымі і прасторавымі сродкамі, дзякуючы якім генеруюцца канкрэтныя ўяўленні» (Sneath, Holbraad, and Pedersen: 6). У выпадку шведскага дата-цэнтру Фэйсбука, такія тэхналогіі ўяўлення паслужылі інструментам сувязі паміж індустрыяльнымі матэрыяльнымі аб’ектамі і карпаратыўнымі вобразамі воблака ды мясцовымі анталогіямі, вопытамі і гістарычнымі гарызонтамі сэнсу, а таксама сфармавалі глакальныя (glocal — тэрмін, спалучаючы ў сабе словы глабальны і лакальны; заўвага перакладчыцы) геаграфіі воблака як прасторы чаканай пост-здабыўнай мадэрнасці.

Тэхналогіі ўяўлення

Карпаратыўная (ня-)бачнасць

Воблачныя тэхналогіі з’яўляюцца аб’ектамі народнага ўяўлення і карпаратыўнага маркетынгу. Каб зразумець, якім чынам канкрэтныя тэхналогіі ўяўлення удзельнічаюць у мясцовых працэсах воблачнай інфраструктурызацыі, неабходна прааналізаваць, як воблака пазіцыянуецца IT-кампаніямі і як яно прадстаўленае ў шырокіх медыях; больш за тое —- як гэтыя распаўсюджаныя вобразы воблака суадносяцца з сапраўднымі тэхналагічнымі аперацыямі захавання і апрацоўкі дадзеных?

Воблачныя вылічэнні сёння выступаюць дамінуючым спосабам вылічэння і апрацоўкі дадзеных, на якім заснаваная большасць сацыяльных сетак і інтэрнет-сервісаў. Дата-цэнтры прадстаўляюць сабой аснову воблачнай інфраструктуры і з’яўляюцца адной з індустрый з найбольш хуткiм развіццём у свеце. Спажываная імі энергія складае больш за 3 працэнты сусветнага аб’ема ўсёй спажыванай электраэнергіі ды павялічваецца на 14 працэнтаў штогод. Аднак гэтая энергаёмістая індустрыя схаваная ад позірку грамадскасці. Рэпартажы ў медыях і IT-кампаніі прадстаўляюць воблака, як і інтэрнэт у цэлым, чымсьці натуральным, нематэрыяльным і цякучым —- толькі падумайце пра словы, якімі часцей за ўсё карыстаюцца для апісання гэтых тэхналогій, i пра самі гэтыя метафары «воблака», «плыняў дадзеных» або «IT-экалогій» (гл. Blum; Hogan). Гэтыя вобразы падтрымліваюцца і выкарыстоўваюцца IT-кампаніямі ў маркетынгавых кампаніях, якія часта прадстаўляюць воблакі ды дата-цэнтры ўстойлівымі ў адрозненне ад «старых» i «брудных» галін прамысловасці.

Такое дэматэрыялізаванае ўспрыманне воблака мае свае карані ў асаблівых адносінах паміж воблакам як (віртуальнай) сістэмай апрацоўкі дадзеных і дата-цэнтрамі як асобнымі месцамі з інфраструктурай. Хаця дата-цэнтры маюць канкрэтнае геаграфічнае месцазнаходжанне ў рамках нацыянальных тэррыторый, іх тэхналагічныя аперацыі могуць выходзіць далёка за межы гэтых тэррыторый і юрыдычных межаў. Воблака і яго дата-цэнтры, такім чынам, маюць адносіны «блізкасці на адлегласці» (intimacy at a distance), складаючы часткі адно аднога, пры гэтым знаходзячыся адначасова ў розных месцах (гл. Rossiter). Матэрыяльнасць воблака, яго сацыяльныя эфекты ды экалагічнае ўздзеянне індустрыі дата-цэнтраў размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна. Такое размеркаванне падтрымлівае дэматэрыялізаванае ўспрыманне воблака. Карыстальнікі воблачных сервісаў, напрыклад, размешчаных на вялікай адлегласці ад сапраўдных сховішчаў іх дадзеных, могуць не мець уяўлення пра матэрыяльныя ўвасабленні воблака і пра рэсурсы, якіх яно патрабуе.

Ідучы далей за тэхналагічную логіку воблака, у сваёй «Прадгісторыі воблака» Ху тлумачыць, што такія дэматэрыялізаваныя метафарычныя рэпрэзентацыі не толькі маюць значэнне для распаўсюджаных апісанняў, але з’яўляюцца значнай часткай самаго воблака, якое «ніколі і не было толькі пра вылічэнні, бо тыя самыя вылічэнні — гэта толькі адна частка шырэйшай культурнай фантазіі» (Tung-Hui Hu: 145). Паводле Ху, бізнэс-мадэль воблака грунтуецца на распаўсюджаным вобразе інтэрнета як віртуальнай, бязмежнай і адкрытай прасторы, а таксама на ўяўленнях пра усеаб’емную сувязь, якая падаецца непазбежнай часткай будучага развіцця грамадства.

Як заўважалі многія навукоўцы, такія дэматэрыялізаваныя вобразы воблака хаваюць матэрыяльны характар яго інфраструктуры, а таксама праблематычныя сацыяльныя ды экалагічныя наступствы, у тым ліку велізарныя патрэбы электраэнергіі і вады дата-цэнтраў, зрастанне цеплавога забруджвання навакольнага асяроддзя, ці невялікую колькасць працоўных месцаў, што воблачная індустрыя прапануе мясцовым супольнасцям (гл. Hogan; Cubitt et. al.; Gregg; Dourish and Bell). Яны таксама ствараюць умовы для пастаяннай сувязі і выпрацоўкі дадзеных, неабходных для генерацыі big data (дадзеных у звышвялікіх аб’ёмах), што, у сваю чаргу, з’яўляецца неад’емнай часткай большасці існуючых мадэляў атрымання даходаў у галіне IT. Гэта адна з ключавых прычын, чаму вялікія IT-кампаніі імкнуцца кантраляваць (ня-)бачнасць воблачнай інфраструктуры.

Падобным чынам, Фэйсбук прадстаўляе сябе сваім карыстальнікам часцей за ўсё праз візуалізацыю сваіх глабальных віртуальных сувязяў. Вобразы дата-цэнтраў абмежаваныя вычышчанымі выявамі ў стылі навуковай фантастыкі, прызначанымі ствараць атмасферу празрыстасці і выклікаць зачараванне тэхналогіямі без выкрыцця сапраўдных рабочых працэсаў ці складанасцяў інфраструктуры камунікацый (Holt & Vonderau). Падобныя стратэгіі дэматэрыялізацыі і дэлакалізацыі можна назіраць у адносінах да дата-цэнтру ў Лулеа. Захоўваючы дадзеныя больш за 800 мільёнаў карыстальнікаў Фэйсбука з усяго свету, дата-цэнтр Лулеа працуе пад імем не Фэйсбука, а даччынай кампаніі «Pinnacle Sweden». Маючы на ўвазе, што еўрапейская штаб-кватэра Фэйсбука знаходзіцца ў Ірландыі, і такім чынам сацыяльная сетка падпарадкоўваецца ірландскаму заканадаўству, з юрыдычнага пункту гледжання невядома, ці прысутнічае Фэйсбук увогуле ў Швецыі ці ў Лулеа. Пытанні карпаратыўнай нябачнасці выходзяць за межы юрыдычных пытанняў і ўключаюць, сярод іншага, знешні выгляд дата-цэнтру. Будынак у Лулеа нагадвае вялізную белую каробку; аніводнага гука ці знака не выдае прысутнасці маштабных індустрыяльных працэсаў, што суправаджаюць захоўванне дадзеных. Нідзе не бачна лагатыпу Фэйсбука ці шыльд, акрамя некалькіх маленькіх сцягаў унутры агароджанай тэрыторыі ці ровараў Фэйсбука, якімі карыстаюцца супрацоўнікі ды будаўнікі для перасоўвання па велізарнай тэрыторыі вуліцы Дадзеных (Datavägen) Лулеа [фота 4]. Нягледзячы на надзвычайны маштаб і комплексныя тэхналогіі дата-цэнтра, прадстаўнікі гэтага інфраструктурнага аб’екта неахвотна гавораць пра яго важнасць. Мэнэджар дата-цэнтру Ёэль Шэлгрэн (Joel Kjellgren), напрыклад, пастаянна падкрэслівае на публічных выступах, што нават поўнае адключэнне цэнтру ніяк не паўплывае на працу Фэйсбука і застанецца незаўважным для яго карыстальнікаў. І хаця наўрад ці такі сур’ёзны інцыдэнт застаўся б незаўважаным — несумненна, ён выкліча значныя фінансавыя страты і значна пашкодзіць іміджу кампаніі — такія выказванні відавочна падтрымліваюць стратэгію Фэйсбука накіроўваць увагу грамадскасці на глабальнае ды віртуальнае вымярэнні сацыяльнай сеткі [3].

Так, здаецца Фэйсбук не вельмі зацікаўлены у тым, каб яго ўспрымалі як прамысловы ці мясцовы ні ў чым, акрамя настойлівага прасоўвання дата-цэнтру Лулеа як экалагічнага ды тэхналагічна прасунутага воблака, згодна з паваротам Фэйсбука да ўстойлівага спажывання энергіі.

Існуе кантраст паміж усюдыіснасцю воблака і яго ўсё большай роляй для сучаснага грамадства ды інфраструктурнай сакрэтнасцю, недаступнасцю, а таксама «несвядомым стаўленнем да архітэктуры» дата-цэнтраў, складанасцю іх «расшыфроўкі» з сацыяльнага і культурнага пунктаў гледжання. З гэтай нагоды тэарэтык архітэктуры Казіс Варнеліс (Kazys Varnelis) вызначыў архітэктурную форму дата-цэнтраў як такую, што ўвасабляе культурныя ўмовы лічбавага капіталізму і таго, што Дэлёз называе грамадствам кантролю. Прыклад Лулеа як раз і дэманструе здольнасць IT-кампаній кантраляваць бачнасць іх інфраструктуры. Але ж пры этнаграфічным назіранні штодзённыя працэсы інфраструктурызацыі і белая каробка воблака аказваюцца намнога менш суцэльнымi, ды не падаюцца проста імплантаванымi аднекуль зверху. Як я пакажу ніжэй, разрыў, які карпаратыўная сакрэтнасць стварае паміж глабальным віртуальным воблакам і яго мясцовымі інфраструктурнымі пляцоўкамі, адчыняе рэляцыйную прастору, унутры якой воблака дэшыфруецца, абмяркоўваецца ды аспрэчваецца на мясцовым узроўні. У гэтай прасторы воблака перайначваецца адносна чалавечых і не-чалавечых адносін i праблем праз тэхналогіі ды ўяўленне.

Хапаючы воблака

У нашых размовах палітыкі, спецыялісты гарадскога планавання, архітэктары, эколагі ды іншыя муніцыпальныя эксперты Лулеа падкрэслівалі сакрэтнасць, якая суправаджала планаванне дата-цэнтра Фэйсбука.

Фота 3. Першы будынак дата-цэнтра Фэйсбука у горадзе ЛулеаФотаздымак аўтаркі, красавік 2014 г.

Фота 4: Уваход у другі будынак дата-цэнтра Фэйсбука, Datavägen 15Фотаздымак аўтаркі, верасень 2015 г

У ходзе першых сустрэч прадстаўнікі Фэйсбука не называлі імя сваёй кампаніі і не абменьваліся візіткамі. Мясцовым экспертам, адказным за планаванне праекту, не было дазволена ведаць імя кліента ці яго сапраўдныя намеры — па меншай меры, цягам першапачатковай стадыі планавання [4]. Патрэбная для планавання інфармацыя здабывалася адно ўскосна, праз групу кантактных асоб, што толькі ўскладняла працэс планавання. Толькі працоўная назва праекту — «Залаты праект» — ды высокі прыярытэт, які адказныя за прыняцце рашэнняў мясцовыя і нацыянальныя палітыкі яму надавалі, сведчылі аб тым, што на коне буйныя інвестыцыі.

Да таго ж, патрэбы Фэйсбука у вадзе і электраэнергіі значна перавышалі патрэбы іншых прамысловых прадпрыемстваў. Швецыя нават не мела некаторых стандартаў, такіх як нормы шумавога ўздзеяння (выкліканага 14 дызельнымі генератарамі дата-цэнтру), і іх давялося прапісваць, беручы за аснову стандарты Германіі і іншых краін. Нягледзячы на ўсе гэтыя складанасці, падрабязны план гораду —- галоўны дакумент для будаўнічых праектаў у Швецыі — павінен быў быць падрыхтаваны ўсяго толькі за тры месяцы, замест звычайных аднаго-двух гадоў. Сутыкнуўшыся з неверагодным маштабам і хуткасцю «Залатога праекта», а таксама з яго сакрэтнасцю, спецыялісты гарадскога планавання і архітэктары былі вымушаныя падыходзіць да задачы творча і спрабавалі спраектаваць аб’ект сакрэтнай будоўлі ды ўявіць яго ў кантэксце ягонага будучага мясцовага асяроддзя. У ходзе інтэрв’ю яны, напрыклад, распавядалі гісторыі пра шпацыры па горадзе ў спробах уявіць праектаваны будынак, калі яны параўноўвалi яго з існуючымі прамысловымі будынкамі і дзівіліся яго маштабам (інтэрв’ю, кастрычнік 2014 г.) [5].

Такім чынам, на першапачатковай стадыі інфраструктурызацыі воблака (і дата-цэнтр як яго спецыфічная мясцовая форма) не магло быць ані вызначана мясцовымі экспертамі ў якасці аб’ектыўна існуючага матэрыяльнага цела, ані лёгка асэнсавана суб’ектыўна. Замест гэтага, воблака ўспрымалася і набывала бачнасці праз тое, што Цім Інголд (Tim Ingold) абазначыў як злучэнне «актыўных матэрыялаў», якія пастаянна з’яўляюцца і трансфармуюцца падчас планавання, разлікаў і ўяўлення (429). Карпаратыўныя стратэгіі Фэйсбука, накіраваныя на ўсталяванне пэўнага рэжыму, ці парадку інфраструктурнай бачнасці сацыяльнай сеткі, у той жа час унеслі блытаніну ў гарадское планаванне і ўспрыманне забудовы горада Лулеа. Штодзённая руціна планавання ды існуючыя веды не вельмі пасавалі да новага праекту, таму было неабходна вынайсці новыя падыходы. У такой сітуацыі тэхналогіі ўяўлення — такія як параўнанне новай індустрыі з існуючымі ды ўяўленне ейных будынкаў y мясцовым асяроддзi — сталі асноўным інструментам паспяховай рэалізацыі праекта. Гэтыя тэхналогіі таксама адчынілі новыя шляхі ўяўлення і фармавання будучыні.

Фота 5. Шведскае воблака Фэйсбука, від зверху. Будынкі справа ўключаюць студэнцкія інтэрнаты і Навуковы парк ЛулеаКрыніца: Апісанне рэалізацыі, муніцыпалітэт Лулеа 2011 г.

Замацоўваючы будучыню

Сакрэтнасць, якая атачае «Залаты праект», а таксама абстрактнасць яго маштабу ды ахопу, справакавалі эйфарычныя візіі сярод экспертаў i ўлад Нарботэна: такія як новая індустрыяльную эру эканамічнага росквіту, новую гарадскую культуру, і новыя гарадскія суб’ектнасці. Як распавядалі мне мае суразмоўцы, такія чаканні спарадзілі ўнікальную салідарнасць усіх удзельнікаў, ператвараючы надзвычайна складаны працэс планавання ў «простыя разлікі», дзе складанасць i цяжкасці кшталту звышурочнай працы ці ўнутранix канфліктaў пераважваліся чаканымі прыбыткамі для гораду Лулеа ды ўсёй правінцыі Нарботэн. Такія калектыўныя чаканні i вера ў станоўчы ўплыў новай індустрыі асабліва падтрымліваліся мясцовымі палітыкамі i бізнесменамі-дэвелаперамі, бо судзейнічалі прыняццю патрабаванняў кліента ды адцягвалі ўвагу грамадскасці ад велізарных патрэбаў праекта ў вадзе і электраэнергіі, як і ад магчымага адмоўнага ўздзеяння яго на прыродны запаведнік паблізу.

Чаканні новай індустрыяльнай і гарадской эры, аднак, былі таксама звязаныя з асабістымі амбіцыямі многіх удзельнікаў працэсу змяніць імідж гораду Лулеа як правінцыйнага «сталёвага гораду» каб паспрыяць культурнай разнастайнасці ды сацыяльным зменам. Мае суразмоўцы-мужчыны, напрыклад, асобна падкрэслівалі тое, як рэгіён пакутуе ад цяжкой здабываючай прамысловасці, такой як сталёвая, горназдабыўная ці лясная.
Гэтыя індустрыі не толькі цягам дзесяцігоддзяў прадстаўлялі адзіную магчымасць для працаўнікоў-мужчын, але таксама паспрыялі замацаванню пэўнага стэрэатыпнага вобразу бруднага мускулістага сталявара. Тыя ж суразмоўцы чакалі ад індустрыяльнай трансфармацыі не толькі больш разнастайных магчымасцей працы, але і культурнай ды цялеснай разнастайнасцi.

Іншыя рэспандэнты таксама падкрэслівалі сваю незадаволенасць вобразам Лулеа як сталёвага гораду Швецыі. Яны нават знаходзілі несправядлівым тое, што гэткі вобраз мінулага працягваў дамінаваць у тым, як горад успрымаўся нацыянальнымі ўладамі ды паўдневымі рэгіёнамі Швецыі, нават калі сталяварная прамысловасць перастала быць асноўнай крыніцай працоўных месцаў. Адпаведна, яны спадзяваліся, што прамысловае развіццё і абяцаная ім новая эра вызваляць горад ад яго мінулага і дадуць пачатак новаму часу, з поглядам у будучыню.

Як заўважае Анна Цінг, аднак, будучыя сцэнары ды візіі адлюстроўваюць хрупкі сацыяльны парадак, які «вось-вось-амаль-аднак-яшчэ-не-зусім-там» (Anna Tsing: 336). Усталяванне і падтрымка такого парадку, такім чынам, ніколі не абыходзяцца без праблем. Як распавядалі мае суразмоўцы, да таго, як планы Фэйсбука нарэшце сталі афіцыйнымі, мясцовыя ўлады жылі ў пастаянным страху, што «Залаты праект» можа ў любы момант быць прыпынены, бо іх сакрэтны кліент, як было вядома, адначасова вёў перамовы з іншымі рэгіенамі ў краіне і вельмі абачліва рэагаваў на любыя, нават самыя нязначныя абмежаванні яго інтарэсаў. Тэхнічны каардынатар праекту, напрыклад, узгадаў, як чакаў некалькі месяцаў, пакуль нарэшце не атрымаў першы подпіс, які сведчыў, што праект сапраўды будзе рэалізаваны і што кліент нарэшце замовіць пачынаць вырубку дрэваў на месцы будучай будоўлі.

Страх згубіць велізарныя інвестыцыі і чаканыя будучыя прыбыткі прымусіў мясцовыя ўлады пайсці на пэўныя кампрамісы. Мясцовыя спецыялісты гарадскога планавання распавялі мне, як ім прыйшлося згадзіцца з празмерна расцягнутай формай будынка дата-цэнтру, нават нягледзячы на тое, што яна больш паходзіла на сцяну, якая аддзяляе горад ад прыроднага заказніка побач. Горад нават падпісаў «незвычайную дамову», як прызнаюць прадстаўнікі адміністрацыі Лулеа, з абяцаннем прадставіць Фэйсбуку вялікія аб’емы пітной вады, што значна перавышалі звычайныя нормы і таму маглі быць узгаднёныя з нацыянальным заканадаўствам толькі праз юрыдычную хітрасць (інтэрв’ю, верасень 2015 г.). Гэткія надзвычайныя высілкі патрапіць буйному кліенту ды яго тэхналогіям не скончыліся з будаўніцтвам дата-цэнтру. Цягам маіх наведванняў у Лулеа у 2014-2015 гг., прадстаўнікі муніцыпалітэту працягвалі знаходзіцца «у няспынным рэжыме продажу», па словах маіх суразмоўцаў, каб захаваць інвестыцыі ды забяспечыць чаканую будучыню. Сапраўды, інфраструктуры ўплецены ў мясцовыя сацыяльныя структуры, адначасова з’яўляючыся структурнымі механізмамі ў сабе (гл. Dourish і Bell 28). Падчас стварэння інфраструктуры воблака, рэжымы працы і падыходы муніцыпалітэта Лулеа да будучыні гораду i рэгіёну змяніліся. У той час як воблака фармавалася i ўспрымалася праз пэўныя мясцовыя адносіны i працэсы інфраструктурызацыі, яго мясцовыя праявы таксама ўспрымаліся як пачатак новай эры ў гарадскім ды рэгіянальным развіцці. Такое мясцовае ўспрыманне судачынялася i з гістарычнымі гарызонтамі сэнсу, і з досведам Нарботэна як эксплуатаванага регіёна.

Перайначваючы рэгіён

Доўгачаканае адкрыццё дата-цэнтра Фэйсбука летам 2013 г. нарадзіла новыя чаканні ды ўяўленні сярод мясцовага насельніцтва. Прадстаўнік бізнес-агенцтва Лулеа тлумачыць: «Калі пяць або шэсць гадоў таму я выйшаў бы на вуліцу і пачаў казаць людзям, што праз пяць год мы будзем мець мільярдныя інвестыцыі і велізарнае сховішча ўсіхніх фатаграфій з адпачынку, ніхто б не паверыў мне. Хутчэй за ўсё людзі падумалі б, што я з’ехаў з глузду, зачынілі б мяне ў склепе ды выкінулі б ключ ад яго» (інтэрв’ю, кастрычнік 2014 г.). На думку гэтага рэспандэнта, адкрыццё дата-цэнтра Фэйсбука таксама дапамагло простым гараджанам паверыць у непазбежнасць зменаў; у тое, што Лулеа з галоўнага нацыянальнага вытворцы сталі ператворыцца ў глабальны цэнтр IT-ведаў. Гэткія чаканні хутка праніклі ў праграмы рэгіянальнага ды эканамічнага развіцця, такія як Стратэгія развіцця Нарботэна ў вядучы рэгіён экалагічных/ бяспечных для клімату дата-цэнтраў (гл. Granberg) — яна апісвала рэгіён як «безпапяровае грамадства», свабоднае ад матэрыяльнасці, што звязвалася з традыцыйнымі здабыўнымі прамысловасцямі.

Незалежна ад таго, як далёка ад рэальнасці былі гэтыя стратэгіі, яны адлюстроўвалі спробу правесці рэбрэндынг гораду, рэгіёну, і ўсей Швецыі як халоднага, а таму ідэальнага месца для размяшчэння інфраструктуры, каманднага пункту для глабальнага воблака. «Паўночны вузел», заснаваная нядаўна напаўпрыватная кампанія, стала галоўнай дзейнай асобай, што кіравала гэтым рэбрэндынгам i сyдзейнічала кантактам паміж прыватнымі кампаніямі і дзяржавай, лабіравала інтарэсы індустрыі дата-цэнтраў, прасоўвала індустрыю ў мясцовых ды нацыянальных медыя і прадстаўляла Паўночную Швецыю на міжнародных прамысловых выставах і канферэнцыях. Кампанія «Пауночны вузел» уключала бізнес-дэвелапераў, а таксама экспертаў сферы IT ды энергетыкі, якія прынялі на сябе ролю пасрэднікаў паміж спецыялістамі гарадскога планавання і кліентам на працягу сакрэтнага этапу планавання дата-цэнтру. Паралельна з удзелам у праекце Фэйсбука, гэтыя эксперты сабралі значны досвед, якім дзяліліся з імі рэгіянальныя ці міжнародныя кампаніі, зацікаўленыя ў продажы іх паслуг у галіне будоўлі, кансалтынгу, тэхналогій перапрацоўкі ды іншых паслуг для індустрыі дата-цэнтраў.

Разам з Лулеа ды іншымі бліжнімі гарадамі, кампанія пачала прапаноўваць на продаж надзелы зямлі пад патэнцыйныя дата-цэнтры, прасоўваючы сцэнары новай індустрыяльнай будучыні рэгіёна ў мясцовых медыях і публічных выступах.

Падтрымліваючы паспяховыя і хуткія тэхналагічныя рашэнні, кампанія «Паўночны вузел» таксама папоўніла дыскурс рэгіянальнага развіцця ідэяй «блізкасці на адлегласці» — новымі прасторавымі рамкамі для рэгіянальнага развіцця, звязанымі з патэнцыйнай глабальнай тэрытарыяльнасцю апрацоўкі дадзеных. Гэта заахвоціла рэгіянальных палітыкаў, адказных за прыняцце рашэнняў, думаць пра рэгіён і горад не толькі як пра частку нацыянальнай дзяржавы, але і як пра частку трансгранічнай геаграфіі воблака.[6].

Той факт, што рэгіянальная сістэма размеркавання электраэнергіі далучылася да глабальнай воблачнай інфраструктуры праз дата-цэнтр Фэйсбука, падаваўся ў медыя як сапраўднае перамяшчэнне Нарботэна і Лулеа са шведскай перыферыі ў цэнтр глабальнага воблака. Кампанія «Паўночны вузел» такім чынам стала шырока рэкламаваным брэндам уяўнай прасторы пост-здабыўнай мадэрнасці: глакальнай геаграфіі IT-кампетэнцыі і інвестыцыйных магчымасцяў.

З аднаго боку, такія рэкламныя наратывы хутчэй замацавалі дамінуючае ўспрыманне паўночнай перыферыі, што цягам стагоддзяў легітымізавала эксплуатацыю Нарботэна нацыянальным цэнтрам Швецыі. Гэтыя наратывы прадстаўлялі маланаселены, але багаты рэсурсамі рэгіён як пустую прастору без аніякіх мясцовых патрэбаў ці праблем — «рог дастатку» прыродных рэсурсаў, тэхналагічных інавацый і мер бяспекі, што мае прапанаваць шмат таннай гідраэнергіі і бязмежны эканамічны рост далека ад гарадскіх канфліктаў і грамадскіх вачэй (гл. Sörlin, «Introduction: Polar Extentions»).

Прадстаўнік суседняга з Лулеа гораду Бодэн апісваў патэнцыял свайго горада як месца для размяшчэння сховішчаў дадзеных: «Бодэн — гэта самае сумнае месца ў свеце для людзей, але вельмі добрае для сервераў» (інтэрв’ю, красавік 2015).

З другога боку, аднак, гэтыя наратывы таксама дадалі рэгіёну моцы супраць нацыянальных цэнтраў, дзякуючы прадстаўленню Нарботэна ў якасці самастойнага актара у глабальнай эканоміцы дадзеных, а таксама сцвярджаючы яго блізкасць да такіх ключавых IT-хабаў, як Франкфурт ці Лондан. Гэтая блізасць грунтавалася на адносна параўнальных рэгіянальных сетках валаконна-аптычнага кабелю, высакахуткасным інтэрнэт-трафіку, наяўнасці міжнародных авіярэйсаў. Разлікі і графікі, распрацаваныя для рэкламных мэтаў, параўноўвалі сярэднюю тэмпературу ў Лулеа з тэмпературай у Лондане, Франкфурце ці Нью-Йорку, каб падкрэсліць канкурэнтаздольнасць воблачнай інфраструктуры Нарботэна.

Фота 6. Інфармацыйнае мерапрыемства для рэгіянальных прадстаўнікоў бізнесу з запрапшэннем да ўдзелу ў развіцці цэнтраў апрацоўкі дадзеных; арганізаванае «Палярным вузлом» і бізнес-агентствам (Business Agency) Лулеа. Кастрычнік 2014.Знята аўтаркай.

Ідэю вызвалення рэгіёна ад нацыянальнага цэнтру таксама падтрымлівалі чаканні, што серверныя фермы стануць першай індустрыяй, якая будзе спажываць мясцовыя прыродныя рэсурсы, арктычны холад і гідраэнергію, без экспарта іх на поўдзень Швецыі — як адбывалась традыцыйна ў цяжкіх прамысловасцях гэтага рэгіёна.
У цэлым, «перамяшчэнне» Нарботэна і Лулеа да воблака і рэканфігурацыя гэтых тэрыторый у межах уяўных геаграфій «Паўночнага вузла» змянілі прынятае разуменне цэнтра і перыферыі ды перавызначылі геапалітычнае становішча рэгіёна і горада ў якасці IT-хаба. Новае індустрыяльнае развіццё змяніла погляды мясцовых актараў на тэрытарыяльнасць гораду як гнуткую ды вызначаную прасторавымі і часавымі рэжымамі апрацоўкі дадзеных, а не толькі нацыянальнымі межамі (Rossiter). Аднак яшчэ толькі мелася высветліць, што рэгіён і горад сапраўды могуць прапанаваць глабальнаму IT-рынку.
Упакаванне «Унікальнай гандлёвай прапановы»

Калі для рэгіянальных палітыкаў і асобных грамадзянаў рэалізацыя праекта воблака азначала адкрыццё новых перспектыў будучыні рэгіёна Нарботэн, то прадстаўнікі мясцовага і нацыянальнага бізнэсу перш за ўсё бачылі ў гэтым новы рынак збыту. У кантэксце ўяўнай прасторы Паўночнага вузла арктычны холад — найперш знак перыферыйнага геаграфічнага становішча Нарботэна і Лулеа — цяпер аказаўся яшчэ і прыродным рэсурам. Як адзначаюць Рычардсан і Вешкальніс, сацыяльна вырабленыя прыродныя рэсурсы з’яўляюцца не толькі як вынік тэхнічных вынаходстваў і фізічных вытворчасцяў, але і праз дзеянні эпістэмалагічнай і анталагічнай творчасці (Richardson and Weszkalnys: 129). Каб пачаць карыстаць арктычны холад як каштоўны рэсурс і новы тавар, патрабуюцца тэхналогіі ўяўлення, што дапамогуць пераасэнсаваць холад адносна глабальных патокаў дадзеных.

Каб холад можна было прадаць, яго трэба было спакаваць (разам з іншымі перавагамі рэгіёна) у пэўны рэгіянальны прадукт. Зрабіць гэта апынулася асабліва складана, як сказалі прадстаўнікі бізнес-агенцтва Лулеа, бо гэта патрабавала аб’яднання рэчаў, якія раней здаваліся не злучанымі адная з адной. Як яны пазней прызнаюць, яшчэ не было ясна, што яны фактычна прадавалі, калі ўпершыню стукалі ў дзверы Facebook і Google падчас першых візітаў у ЗША ў 2009 годзе: «Мы зразумелі, што ў нас аб’ектыўна ёсць шанец прадаваць танную электрычнасць і наш холад: у нас было шмат месца і інтэлектуальныя здольнасці, таму мы паспрабавалі сабраць гэтыя рэчы разам. Але прызнаемся цяпер: мы спакавалі тое, чаго ў нас не было. Мы не валодалі зямлёй, мы не валодалі кліматам, і ў нас не было электрычнасці. Але мы ўсё ж спрабавалі прыдумаць эфектыўны USP — унікальную гандлёвую прапанову» (Інтэрв’ю, лістапад 2014).

Урэшце рэшт бізнес-дэвелаперы вырашылі спакаваць арктычны холад з таннымі цэнамі на электраэнергію ў Нарботэнe і выбiтна стабільную інфраструктурную сетку Лулеа, паказаўшы гэтыя і іншыя перавагі ў рэкламным аповедзе, дзе Поўнач Швецыі паказана, як месца тэхналагічнай сучаснасці (Sörlin, «Rituals and Resources of Natural History»). Шмат «пустой прасторы» — найперш знак перыферыйнага становішча Лулеа і Нарботэна ды дэмаграфічных праблем — тлумачылася як гарантыя неабмежаванага і ўстойлівага прамысловага росту. Выкарыстоўваць арктычны холад для астуджэння глабальных дадзеных у гэтым кантэксце азначала не толькі тэхналагічныя інавацыі, але і спецыфічную паслугу «атрымання большага ад меншага». Такім чынам, пераацэна холаду ў Арктыцы дазволіла бізнес-дэвелаперам рэалізаваць свае эканамічныя планы ў прыцягненні ІТ-інвестыцый ў прамысловасць, і пацвердзіла чаканні гараджан Лулеа ды ўсяго рэгіёна, які ўступаў у пост-здабыўную эпоху. У рэкламных аповедах Паўночнага вузла гэты працэс стварэння рэсурсаў і фармавання прадукту паказалі як эмацыйна-фізічны досвед. Вышэйзгаданае відэа «Вандраванне да Паўночнага вузла», напрыклад, паказвае, як гараджане Лулеа бавяць вольны час на снезе, нібыта, хоць снег раней асацыяваўся з замярзаннем, на самай справе снег і холад — гэта добра, бо іх можна выкарыстоўваць для астуджэння сервераў.

Пазітыўныя адносіны да новай індустрыі трымаліся не толькі на энтузіазме ў дачыненні тэхналагічных інавацый, але і на самой гісторыі Лулеа. На працягу больш чым стагоддзя Лулеа і Нарботэн эксплуатаваліся праз здабычу рэсурсаў і рэгулярна змагаліся з дэмаграфічнымі праблемамі, што выклікаліся капрызамі нацыянальнай металургічнай і горназдабыўной прамысловасці. З пачатку ХХ стагоддзя, калі на рацэ Луле пабудавалі плаціны каб вырабляць гідраэнергію для электразабеспячэння шахтаў і сталеліцейных заводаў (пры гэтым многія мясцовыя жыхары былі змушаныя пакінуць свае хаты), нацыянальныя прамысловыя праекты моцна паўплывалі на эканоміку рэгіёна і дэмаграфічнае развіццё. Адзін з яскравых прыкладаў такога ўплыву — перасяленне 18 000 жыхароў горада Кіруне рэгіёна Нарботэн з той прычыны, што ўвесь горад павольна валіцца ў правал, які з’явіўся з-за закінутай жалезнай шахты.

У такім гістарычным кантэксце нядзіўна, што ідэю пераўтварэння арктычнага холаду ў новы прыродны рэсурс, прызначаны не для экспарту, а для прыцягнення інвестыцый, пазітыўна ўспрынялі як мясцовыя прадпрыемцы, так і гараджане. Вялізныя патрэбы воблачнай індустрыі ў электраэнергіі і вадзе ды выкід адпрацаванага цяпла «ў нікуды» практычна не абмяркоўваліся і здаваліся няважнымі ў параўнанні з экалагічнай шкодай, выкліканай традыцыйнымі здабыўнымі індустрыямі: як тлумачыў нам мясцовы журналіст, «гэты горад прывык да бруду і экалагічнай шкоды ад сталеліцейнага завода SSAB. Звярніце ўвагу: самы папулярны раён для жыцця ў Лулеа знаходзіцца якраз перад заводам. У дата-цэнтра ж не будзе нават труб, то бок пытанне тут толькі ў энергаспажыванні» (Інтэрв’ю, лістапад 2014 г.). Стварэнне новых рэсурсаў — гэта працэс з удзелам розных зацікаўленых бакоў. Як адзначаюць Рычардсан і Вешкальніс, новыя рэсурсы могуць прыносіць фінансавыя прыбыткі ці страты, узмацняць ці наадварот паслабляць нацыянальныя дзяржавы, наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю і змяняць мясцовы лад жыцця (Richardson, Weszkalnys: 10). Асэнсаванне арктычнага холаду як новага рэсурсу лічбавай эпохі і пакаванне гэтага рэсурсу ва ўнікальны лакальны прадукт дазволілі рэгіёну Нарботэн стаць незалежным эканамічным суб’ектам, які звязаў патокі арктычнага холаду з глабальнымі патокамі дадзеных. У той жа час, аднак, ён схаваў экалагічныя наступствы з’яўлення воблака і цяжкасць фактычнага доказу таго, што ў будучыні яно добра паўплывае на мясцовую эканоміку, —такую прэтэнзію можна лёгка аспрэчыць, напрыклад, тым, што воблака не створыць новых працоўных месцаў для мясцовых. Тым не менш, эканоміка чаканняў была, безумоўна, выгаднай для Facebook, бо мабілізавала мясцовую супольнасць вакол абяцанняў змен і ўяўнай пост-здабыўной будучыні, зрабіўшы магчымай самую эфектыўную, хуткую і паступальную рэалізацыю праекта воблака.

Выснова

У гэтым артыкуле я прааналізавала ўкараненне воблака ў Швецыі як форму «інфраструктурызацыі» — працэс суаднясення, чакання, нетваркінгу і перамоў паміж тэхналогіямі, актарамі, інстытуцыямі і масівамі інфармацыі ў розных геаграфічных умовах і сацыяльных кантэкстах. Я адсачыла розныя спосабы, якімі воблачныя інфраструктурныя формы аддзяляюцца ад сваёй тэхнічнай функцыянальнасці, звярнуўшыся да шматкарыстальніцкіх суб’ектаў і іх праблем, што спрыяюць сацыяльным зменам (гл. Larkin). Стварэнне воблачнай інфраструктуры я апісала на фоне глабальнай эканомікі чаканняў, адносна якой абмяркоўваліся і фармаваліся мінулае і будучыня ўключаных у працэс супольнасцяў. Тут інфраструктура з’яўляецца не лінейным рухам зверху ўніз, а гістарычна і культурна абумоўленым паступальным працэсам, што кіруецца сродкамі ўяўлення і прадбачання. Тэхналогіі ўяўлення — як практыка вытворчасці ведаў сродкамі аб’яднання рэчаў, што здаюцца не звязанымі паміж сабою, — я ідэнтыфікавала як неад’емную частку інфраструктурызацыі. Такая этнаграфічная перспектыва дазваляе зноў звязаць віртуальныя з выгляду глабальныя патокі інфармацыі з іх матэрыяльнымі і палітычнымі каналамі, а таксама зрабіць бачнымі мноства іх скрыжаванняў і вузлоў на лакальным узроўні. Яна паказвае, як матэрыяльныя формы і рэжымы бачнасці воблака ў спецыфічных культурных кантэкстах аспрэчваюцца экалагічнымі і сацыяльнымі наступствамі.

У адрозненне ад карпаратыўных стратэгій, якія Фэйсбук выкарыстоўвае каб схаваць матэрыяльную частку сваёй інфраструктуры, відавочна, што такая сакрэтнасць ніколі не адпавядала інтарэсам ні Швецыі, ні рэгіёна Нарботэн, ні горада Лулеа. Наадварот, мясцовыя актары хацелі адкрыта аб’явіць пра прысутнасць Фэйсбуку ў горадзе і інтэрпрэтаваць яе як значную і працяглую форму належнасці. Звязаўшы інфраструктуру Фэйсбуку з энэргетычнай сеткай краіны, а праект дата-цэнтра — з мэтамі рэгіёна і памкненнямі пост-здабыўнай будучыні, воблака інтэгравалі ў канцэпт нацыянальнай тэрыторыі і ў лакальны наратыў. Воблачныя тэхналогіі надалі Лулеа не толькі тэхналагічныя сувязі з глабальнай ІТ-эканомікай, але і новыя наратывы і прасторавыя рамкі, якія дазволілі пераасэнсаваць будучыню горада і рэгіёна па-за межамі шведскай дзяржавы — у сувязі з апрацоўкай глакальных геаграфічных дадзеных. У выніку горад Лулеа і рэгіён Нарботэн былі пераасэнсаваныя ў якасці цэнтра ІТ-кампетэнцыі ўяўнай прасторы «Паўночнага вузла». Аднак такія сцэнары будучыні не проста вызначаліся карпарацыйнымі бачаннямі воблака ці тэхналагічнымі марамі рэгіянальных актараў, а былі ўкаранёныя, сярод іншага, у мясцовым досведзе і памкненнях, якія гістарычна склаліся ў дачыненні Лулеа як перыферыйнага прамысловага горада і рэгіёна Нарботэн як традыцыйна эксплуатаванага рэгіёна.

Наступныя лакальныя працэсы інфраструктурызацыі высвятляюць суадносіны паміж гарадскімі цэнтрамі лічбавага капіталізму і яго інфраструктурнай перыферыяй, паміж віртуальнымі патокамі дадзеных і іх матэрыяльнымі каналамі, а таксама паміж транснацыянальнымі ІТ-кампаніямі і мясцовымі супольнасцямі. Суадносіны, якія я апісала ў артыкуле як «інтымнасць на адлегласці», дэманструюць сузалежнасці паміж віртуальным, матэрыяльным і глабальным вымярэннямі воблака, а таксама паміж рознымі зацікаўленымі бакамі працэсу інфраструктурызацыі. Такая перспектыва паказвае няроўнае размеркаванне бачнасці, агентнасці і моцы ў гэтай лакальнай геаграфіі воблака. Хоць афіцыйнае прадстаўленне індустрыі дата-цэнтраў і воблачнай інфраструктуры узмацняе перыферыйны Лулеа ў супрацьстаянні з рэгіянальнымі цэнтрамі, пераўтварэнне яго ў незалежны актар глабальнай дата-эканомікі робіць кошт такога ўзмацнення вялікім, а будучыню горада — невядомай.

Мясцовыя ўлады, эксперты і нават звычайныя гараджане Лулеа разам спрабуюць уявіць пост-здабыўную будучыню. Аднак тэхналогіі ўяўлення, якія пераканфігуроўваюць мясцовыя тэрыторыі, перавызначаюць ідэнтычнасці і фармуюць новыя суб’ектнасці, у той жа час прыхоўваюць сапраўдны экстрактыўны характар воблака і яго праблематычныя сацыяльныя і экалагічныя наступствы, сярод якіх вялізныя энергетычныя патрэбы дата-цэнтра, страты цяпла ці нават расчараванне на мясцовым рынку працы. Уяўленні і чаканні ад пост-здабыўнай будучыні збольшага грунтуюцца на інфраструктурных абяцаннях, якія «вось-вось-амаль-аднак-яшчэ-не-зусім-там». Тым не менш, усё яшчэ пад пытаннем тое, ці сапраўды размяшчэнне воблака прасуне Лулеа і Нарботэн з перыферыі ў цэнтр глакальнага воблака, або ж ператворыць іх у перыферыю лічбавай эканомікі — адно з месцаў, куды пераносяцца непатрэбныя матэрыяльныя часткі інфраструктуры і праблематычныя для грамадства экалагічныя наступствы.


Нататкі:

1. Лулеа знаходзіцца прыкладна ў 100 км на поўдзень ад Паўночнага палярнага круга.
Горад мае 45000 жыхароў і з’яўляецца сталіцай Нарботэна, самай паўночнай правінцыі Швецыі. Нарботэн інфраструктурна наймацнейшы рэгіён у краіне, дзе традыцыйна дамінуюць сталёвая,і лясная і горназдабыўная прамысловасці. За апошнія пяць-дзесяць гадоў Лулеа перажыў моцны эканамічны і дэмаграфічны рост. Аднак, у гістарычнай перспектыве пункту гледжання, горад і рэгіён рэгулярна змагаліся з дэмаграфічнымі праблемамі, якія ўзніклі з-за яго перыферыйнага геаграфічнага становішча і суровага клімату, а таксама ўзлётаў і падзенняў цяжкай прамысловасці. Рашэнне Facebook аснаваць свой цэнтр апрацоўкі дадзеных у Лулеа было абвешчанае ў 2011 годзе і ў 2013 годзе першы цэнтр апрацоўкі дадзеных пачаў працаваць. На канец 2016, другі будынак дата-цэнтра знаходзіцца на стадыі будаўніцтва, а трэцці будынак на этапе планавання.

2. Facebook адхіліў мае запыты на сустрэчы і не дазваляе субпадрадным кампаніям даваць інтэрв’ю пра свой удзел у праекце Luleå Data Center. Мае сустрэчы з Facebook на грамадскіх мерапрыемствах былі, адпаведна, неінфарматыўнымі, паколькі прадстаўнікі не забяспечваюць ніякай іншай інфармацыі, акрамя і так пакрытай ў сродках масавай інфармацыі. Тым не менш, мой інтэрэс канцэнтраваўся на рэгіянальных актарах і іхнім вопыце.

3. Сумніўна, каб гэта сапраўды было так. Інфраструктура Facebook, вядома, залішнія, але тэхнічныя праблемы такой ступені як там могуць выклікаць велізарныя выдаткі і нашкодзіць кампаніі.

4. Гэтая ранняя фаза праекта ахоплівае перыяд часу з 2009 да 2011 года. Муніцыпальная дзейнасць на працягу гэтага перыяду ўключала продаж зямлі і інфраструктурную падрыхтоўку будаўнічай пляцоўкі; выдачу экалагічных і будаўнічых дазволаў; падрыхтоўку дэталёвага плана горада; і прадстаўленне праекта грамадскасці. Хоць на пачатку гэтага перыяду планы Facebook захоўваліся ў поўным сакрэце, пазней муніцыпальныя спецыялісты даведаліся, што кліент не хоча раскрываць назву фірмы нават пасля завяршэння праекта. Тым не менш, мясцовыя СМІ распаўсюдзілі навіну пра тое, што насамрэч кліент — гэта Facebook, што пацвярдзілася ў 2011, калі Facebook афіцыйна абвясціў пра сваё рашэнне пабудаваць цэнтр апрацоўкі дадзеных у Лулу.

5. Пасля завяршэння будаўніцтва дата-цэнтр будзе ўтрымліваць тры серверныхзалы, 28000 квадратных метраў кожная, патрабуючы 120 МВт магутнасці. Выдаткі на запуск цэнтра апрацоўкі дадзеных складаюць 800 мільёнаў шведскіх крон (SEK).

6. «Паўночны вузел», створаны ў ходзе праекта дата-цэнтра Facebook муніцыпалітэтам Лулеа і прыватным бізнесам, прадстаўляўся ў першую чаргу як рэгіянальны брэнд. У 2016 годзе кампанія была набыта шведскай дзяржаўнай энергетычнай кампаніяй Vattenfall і паўночно-шведскай энергетычнай кампаніяй Skellefteå Kraft, што зрабіла брэнд дата-цэнтра нацыяльным.

7. Facebook у Лулеа патрэбуе аднага тэравата электраэнергіі ў год, што супастаўна са спажываннем энергіі шостага па велічыні муніцыпалітэта Швецыі ў 146.000 жыхароў.


Літаратура:

1. Blum, Andrew. Tubes: A Journey to the Center of the Internet. Harper Collins, 2012.
2. Bowker, Geoffrey C., Karen Baker, Florence Millerand, David Ribes. «Toward Information Infrastructure Studies: Ways of Knowing in a Networked Environment.» International Handbook of Internet Research, edited by J. 3. Hunsinger et al., Springer Science+Business Media B.V., 2010, pp. 97–117.
4. Cross, Jamie. Dream Zones. Anticipating Capitalism and Development in India. Pluto Press, 2014. Cubitt, Sean, Robert Hassan, and Ingrid Volkmer. «Does Cloud Computing Have a Silver Lining?» Media, Culture & Society, vol. 33, 2011, pp. 149–158.
5. Deleuze Gilles. «Postscript on the Societies of Control». October, vol. 59, 1992, pp. 3–7.
6. Dourish, Paul, and Genevieve Bell. Diving a Digital Future: Mess and Mythology in Ubiquitous Computing. MIT Press, 2011.
7. Granberg, Anders. Effekten av Facebooks etablering för Luleå Science Park som regional nod. Luleå: Luleå Science Park, 2014,