Юрый Хлапонін

Сёння мікрараён Каменная Горка з’яўляецца адным з найбольш вялізных і ў нейкай ступені ўнікальных жытлова-будаўнічых праектаў у гісторыі сучаснай Беларусі. Гэта вялізны па плошчы і ахопленым насельніцтве праект, ажыццяўлёны з чыстага аркуша фактычна ў полі і ў даволі сціслыя тэрміны, за пяць год. Пры гэтым за апошні час раён набыў імя намінальнае для месца з вялізнай колькасцю гіпермаркетаў і суцэльных бетонных канструкцый. Каменная Горка мае імідж месца, пабудаванага для незаможных катэгорый насельніцтва, а таксама раёна з высокай злачыннасцю і ўзроўнем алкагалізма.

Як выглядала Каменная Горка да будаўніцтва, чым адметны гэты горадабудаўнічы праект, і наколькі сённяшнія стэрэятыпы пра раён адпавядаюць рэчаіснасці? Чытайце ў гэтым артыкуле.


Частка першая. Пачатак.

Жыхары старапабудоў прылеглых да «Каменкі» раёнаў распавядалі, як у канцы 90-х – пачатку 2000-х даведаліся пра праект будаўніцтва цэлай маштабнай часткі горада на месцы пусткі, што нават не ўваходзіла ў межы Мінска. Яны спачатку не верылі гэтаму і спрыймалі навіну хутчэй як жарт. Але калі ў 2004 годзе Каменную Горку афіцыйна ўключылі ў межы горада, што фактычна было адпраўным пунктам для будаўніцтва раёна, жарты саступілі месца чаканню і назіранню. Сёння старыя здымкі КМ да пачатку паўнамаштабнага будаўніцтва глядзець ужо дзіўна.

Вуліца Кунцаўшчына: прыблізна пачатак канец 90-х – пачатак 2000-х.Крыніца — супольнасць МИНСК ФОТО ИСТОРИЯ НОВОСТИ

Вядомая ўсім «каменнагорцам» 26-я паліклініка. Тое, што за ёй неўзабаве павінна было стаць найбольшым мікрараёнам Беларусі.Крыніца https://vk.com/minskphotohistorynews

Будаўніцтва станцыі метро «Каменная Горка» і таксама будовы «старой Каменкі».Крыніца https://vk.com/minskphotohistorynews

Пасля 2004 году на тэрыторыі пусткі пачалося будаўніцтва, асноўная частка якога была завершана ў 2009 годзе, хаця асобныя часткі мікрараёна дабудоўваліся пазней.

Будаўніцтва мікрараёна ў пачатку 2000-х.Крыніца https://vk.com/minskphotohistorynews

Плошча Каменнай Горкі складае 4,5 км2 — гэта прыблізна 630 футбольных палёў, а насельніцтва каля 70-120 тысяч чалавек — гэта больш, чым у Оршы і Барысаве.

А хто жыве ў Каменнай Горцы? Па-першае, гэта так званыя «чаргавікі» — тыя, хто чакаюць на атрыманне жылля ў чарзе Мінгарвыканкама. Калі казаць пра Каменную Горку, то ідзецца пра «першачаргавікоў» — шматдзетныя сем’і, сем’і з дзецьмі-інвалідамі, удзельнікі вайны з пералікам Міністэрства аховы здароўя, вайсковаслужбоўцы і гэтак далей. Ім надаюцца ўмовы ільготнага крэдытавання.

Акрамя дзяржаўнага сацыяльнага жылля, тут ствараюцца прыватныя жылыя комплексы ці асобныя жытлавыя дамы, якія архітэктурна ўжо адрозніваюцца ад «дзяржаўных» дамоў.

Плошча Каменнай Горкі на карце. Умоўна мы будзем адносіць да КМ ближэйшыя будаўнічыя праекты — Дамброўку і будаўніцтва ў Кунцаўшчыне.Крыніца https://domovita.by/wiki/term/mikrorajon-kamennaa-gorka-v-minske

Тыповыя прыклады навабудаў раёна:

Жыццё ў Каменнай Горцы: мінусы і плюсы

Пачнем з таго, што прынята лічыць мінусамі.

Архітэктурная аднабаковасць.
Пры поглядзе на гэтыя шматпавярховыя будынкі, згадваюцца першыя кадры хвіліны фільма «Іронія лёсу», дзе камерай аглядаецца чарада практычна аднолькавых абрысаў. Так і ў Каменнай Горцы — розніца паміж дамамі (между асобнымі часткамі мікрараёна — КМ1, КМ2 і гэтак далей) можа назірацца толькі ў змене колера або ў нязначнай варыяцыі знешняга плану. Магчыма, гэта падабаецца аматарам савецкай архитэктуры, ці задавальняе жыхароў «Каменкі» і менчукоў увогуле, але ж, як мне падаецца, крыху разнастайнасці Каменнай Горцы зусім не перашкодзiла б. Аднабаковасць і вялікая колькасць дамоў нагадвае назву кнігі-антыўтопіі Аляксандра Зіноўева «Глабальны чалавейнік» (добра, што пакуль не яе змест).

Адсутнасць расліннасці. Менавіта ў плане расліннасці назва мікрараёна яго выгляду: лясных і паркавых зон, ды і дрэваў увогуле тут бракуе. Гэта асобная тэма для размовы, паколькі глеба, на якой знаходзяцца аб’екты КМ — гліняная, таму часта можна ўбачыць тое, як вясною, пры пасадцы, большая частка дрэваў не прымаюцца і гінуць. Паясненне гэтаму можна знайсці таксама калі ў канцы лістапада — пачатку снежня бачыш як працаўнікі ЖКГ пачынаюць саджаць дрэвы, пры мінусавай тэмпературы і снезе.

Пусткі, у якія не ўваходзілі жытловыя комплексы, часцей за ўсё аддаваліся пад будаўніцтва розных гандлева-забаўляльных комплексаў, яскравы прыклад чаго — ГЦ «Green». Ад жыхароў Каменкі часта можна пачуць пра адсутнасць лесапаркавай зоны для адпачынку. Напрыклад, побач з «Грынам» знаходзілася невялікая сажалка, куды дзеці з бацькамі часта прыходзілі паглядзець на качак — пакуль яе не знішчылі будаўнікі. Мне згадваецца гісторыя маіх бацькоў, якія бачылі ў НДР у канцы 1970-х, што пры будаўніцтве аб’ектаў найблізкія лясныя зоны або нават асобныя дрэвы спецыяльна агароджваліся, каб не былі закранутыя пры будаўніцтве. Чаму так не адбываецца ў КГ? Самотная выспа зеляніны ў Каменнай Горцы — парк імя Уга Чавеса, які дзеліць мікрараён напалову. У парку, таксама як і ва ўсёй Каменнай Горцы, большасць пасаджаных дрэваў не прымаюцца. Яшчэ побач можна знайсьці тую ў Чырвоным бару і пры выездзе на МКАД (магістраль М9), аднак тут праблема — забруджанасць з-за тых, хто часцяком сюды прыходзіць ужываць алкагольныя напоі.

Злачыннасць і алкагалізм. Калі мне даводзіцца чуць, дзе ў Менску найбольшы ўзровень злачыннасці па раёнах, на ўзроўні з «легендарнымі» Шабанамі, Чыжоўкай, Ангарскай, таксама ўзгадваецца і Каменная Горка. Ці адпавядаюць гэтыя выказванні рэчаіснасці, і наколькі злачыннасць у Каменнай Горцы адрозніваецца ад іншых раёнаў, у тым ліку і названых вышэй?

На крымінальнай мапе Мінска, што доўгі час абмяркоўвалася ў інтэрнэце, Каменная Горка мае ўзровень злачыннасці вышэйшы за сярэдні, але не большы, чым у традыцыйна крымінальных Шабанах і на Ангарскай. Больш крымінальнымі з’яўляюцца памежныя з Каменкай мікрараёны — Кунцаўшчына і Масюкоўшчына.

Карта, якая адлюстроўвае колькасць злачынстваў у залежнасці ад раёна Мінска, Каменная Горка — крайняя праваруч.Крыніца https://42.tut.by/464397

У чым прычыны гэткіх лічбаў і чутака таксама незайздроснай рэпутацыі Каменнай Горкі? Часта аргументуюць яе «сацыяльнасцю» — раён меркаваўся як прызначаны для беднага сегмента насельніцтва. Пераважна гэта шматдзетныя сем’і, альбо малазабяспечаныя сем’і з розных рэгіёнаў Беларусі (стаўленне да такіх катэгорыі насельніцтва ў сталіцы — асобная тэма для размовы). Калі казаць пра ўжыванне спіртнога, на якое спасылаюцца менчукі — асобную статыстыку па раёнах наўрад ці можна знайсьці. Часта мы можам убачыць гэта — каля крамаў, на дзіцячых майданчыках, у парку, аднак ці моцна Горка адрозніваецца ў гэтым ад іншых раёнаў Мінска?

Абслугоўванне насельніцтва. Першапачаткова мікрараён будаваўся такім чынам: спачатку шматкватэрныя будынкі, пасля — школы, дзіцячыя сады, паліклінікі. Пры засяленні людзі часта сутыкаліся з праблемай аддаць дзяцей у школу ці дзіцячы сад, бо іх колькасць у старой Каменцы была даволі абмежаваная, і некаторым дзецям патрэбна было дабірацца да школы далёка, часам у месца свайго старога пражывання (у выпадку тых, хто пераехалі з другога раёна). З часам, праўда, гэтая праблема часткова вырашылася, аднак і цяпер даводзіцца сутыкацца з вялікай колькасцю вучняў у адной школе. Як прыклад — гімназія №43 (раней школа №2), дзе сярэдняя колькасць вучняў складае да 2100 чалавек.

З паліклінікамі яшчэ праблемней. За ўвесь час будаўніцтва праекта на тэрыторыя Каменнай Горкі з’явілася толькі адна паліклініка. Можна было б і разважаць наконт мэтазгоднасці дзвюх паліклінік палічыўшы 26-ую дарослую, аднак апошняя выглядае крытычна перагружанай. Спробы вырашыць праблему праз ўсталяванне электронных талонаў маюць толькі частковы поспех, судзячы па водгуках пацыентаў паліклінікі пра стаўленне персанала і доўгія чаргі — пацвярджэнне гэтаму. З банкамі і паштовыми аддзяленнямі сітуацыя падобная.

Пра стаўленне персанала і доўгія чэргі.

Колькасць гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Ад дробных магазінаў накшталт «Азарэння» да ГЦ Алмі, Bonus і гэтак далей — Каменная Горка «усеяная» рознымі супермаркетамі. Пра іх сувязь з недахопам расліннасці я ўжо згадаў; а яшчэ адно пытанне — гэта навошта іх будаваць у такой колькасці, калі на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і Кунцаўшчыны з чатырох бакоў стаяць гандлёвыя цэнтры: Алмі, Мацерык і Green, а таксама магазіны MartInn і Суседзі… Гэтыя, збольшага прадуктовыя, магазіны займаюць вялізную плошчу, на якой маглі б знаходзіцца, напрыклад, скверы.

Бракуе месца і для стаянкі — гэта лёгка заўважыць, калі прайсціся па дварах Каменкі. Часта даводзіцца бачыць, як цяжкасці ўзнікаюць ня толькі пры выездзе і паркаванні аўтамабіляў, але і пры праездзе машын хуткай дапамогі і камунальных службаў. Іншая праблема для Каменнай Горкі, як і для шмат іншых новых раёнаў ці нават гарадоў — адсутнасць культурна-гістарычнай сваеасаблівасці: розных архітэктурных, культурных помнікаў, што зрабілі б Каменную Горку не менш цікавай за Цэнтр часткай горада.

Тэкст, але ж, не мае на мэце паказаць Каменную Горку як месца дзе ўсё беспрасветна дрэнна. Далей пераходзім да таго, што ў Каменнай Горцы ёсць станоўчага.

Что станоўчага ў Каменнай Горцы?

Транспартная сістэма. Варта адзначыць добра развіненую на тэрыторыі мікрараёна сістэму транспарту і ў першую чаргу сувязь Каменнай Горкі з астатнімі часткамі Мінска. Станцыя метро Каменная Горка, адчыненая ў 2005 годзе, штодзён абслугоўвае да 117 тысяч чалавек, што робіць яе самай загружанай у горадзе; пры гэтым на метро можна дабрацца да цэнтра горада за 15 хвілін. Акрамя таго, у бок цэнтральнай часткі горада таксама няблага ходзіць наземны транспарт, аднак, па маім назіранням, жыхары аддаюць большую перавагу метро.

Станцыя метро Каменная Горка.Крыніца http://belaruscity.net/karta-metro-minska/kamennaya-gorka.html

Няблага ў Каменнай Горцы з сеткай аўтамабільных дарог, дастаткова шырокіх і якасных, а таксама дапоўненых вялікай колькасцю роварных дарожак. Апошнія часта прыстасаваныя і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз усталяванне для іх асобнага пераходу па светлафорах і пешаходных зебрах.

Урэшце, унутры раёна пракладзена досыць маршрутаў аўтобуса і тралейбуса, якім шырыня дарог дазваляе хадзіць па графіку (не тое, што ў цэнтры).

Адна з каменнагорскіх дарог.Крыніца http://gdekompot.by/gorod/kamennaia/

Другая перавага Каменнай Горкі — адносна прасторнае размяшчэнне жылых дамоў і іншых аб’ектаў. Іншымі словамі, нягледзячы на вялікую колькасць дамоў, і адпаведна, жыхароў, дзякуючы абмежаванай шчыльнасці не ўзнікае адчыванне таго, што ты жывеш у вялізным, перагружаным людзьмі раёне. Мітусню можна адчуць хіба што ў гадзіну-пік, але гэта тыпова і для іншых раёнаў Мінска.

Як ні дзіўна, мноства гандлёвых цэнтраў можна занесці не толькі ў спіс недахопов, але і прылічыць да плюсаў: усё-ткі яны даюць людзям доступ да шырокага асартыменту тавараў, фірмовых крам, рэстаранаў і, фастфуда, выступаюць месцам адпачынку ў халодны сезон, нарэшце, ствараюць немалую колькасць працоўных месцаў.

Праз гэтую блізасць месцаў пражывання і спажывецтва, да рэчы, Каменная Горка — вельмі добрае месца для стварэння розных офісаў. Прыклад — шматпавярховы офіс Green City побач з аднайменным гандлёвым цэнтрам, а таксама меншы па памеры офіс «Каменнагорскі».

Бізнэс-цэнтр «Каменнагорскі».Крыніца https://bckamennogorsky.domovita.by/

Каменная Горка мае сваю перавагу папросту праз тое, што яна новая — нядаўна пабудаваныя дамы, крамы, іншыя аб’екты радуюць многіх, падахвочваюць да актыўнасці, усяляюць аптымізм. У асаблівасці гэта тычыцца тых жыхароў, якія атрымалі ўласнае жыллё, раней маючы ў ім патрэбу.

Недахопы КГ пераадольваюцца ў тым ліку і супольнымі намаганнямі жыхароў раёна, ці ўвогуле неабыякавых грамадзян. Напрыклад, сёлета вясною я заўважыў, як у адным з «каменнагорскіх» двароў мясцовыя ратавалі толькі што пасаджаныя дрэвы ад пасухі, паліваючы іх са шланга. Гэта яскравы прыклад таго, як жыхары могуць узяць у свае рукі больш чым звыклі.

Цікавосткі Каменнай Горкі

Каменная Горка вядомая тымі з’явамі, якія наўрад ці можна назіраць ў іншым раёне.
Першае, што кідаецца ў вочы, калі прыязджаеш сюды — вялікая колькасць падлеткаў, якая амаль кожны вечар збіраецца каля фастфудаў ля ўваходу ў метро. Гэта не адзінае месца, дзе яны збіраюцца ў Менску. Не упершыню высвятлялася, як і чаму яны там прабаўляюць свой час. Аднак, каменнагорскія падлеткі вядомыя сваімі высвятленнямі адносін, бойкамі, гульнямі ў футбол на пляцоўцы прама перад гандлёвым цэнтрам Green, а таксама асобнымі супольнасцямі ў сацыяльных сетках.

Жыхары Каменнай Горкі любляць бавіць час, «накрываючы стол» прама на дзіцячых пляцоўках ці ў парку. Таму, праходзячы поўз паркавую зону або пляцоўку, не варта дзівіцца разведзеным вогнішчам, шашлыкам і вясёлым кампаніям да раніцы.

Падземны пераход станцыі метро Каменная Горка — месца актыўнага гандлю. Тут ня толькі крамы і фастфуд, размешчаныя па ўсім перыметры пераходу, а і тыя, хто прадае тавары ад цацак да кветак і ваўняных вырабаў. Такой колькасці пунктаў продажу не ўбачыш больш ні на адной станцыі метро, а на выхадзе ў бок супермаркета «Мацерык» увогуле разгарнулася штосьці накшталт міні-рынка. Праўда, часам супрацоўнікі міліцыі і нават АМАП намагаюцца выгнаць гэтых гандляроў з перахода, аднак, з часам тыя ізноў вяртаюцца на свае месцы.

Таксама ў пераходзе станцыі метро можна ўбачыць вялікую, як нідзе, колькасць музыкаў: ад выканаўцаў чужых ці нават сваіх песень, і да тых хто грае кампазіцыі класічнай музыкі, нярэдка выступаюць цэлымі гуртамі. Апошнія часта збіраюць вакол сябе ў пераходзе целый натоўп з мінакоў.

А што жыхары Каменнай Горкі хацелі б убачыць у сваім раёне?

Даволі часта я камунікую з жыхарамі Каменнай Горкі, з людзьмі рознага ўзросту і розных родаў заняткаў — урачамі вайскоўцамі, студэнтамі, хатнімі гаспадынямі, і многімі іншымі. Усе яны жывуць тут з часу здачы дамоў у эксплуатацыю, агулам маюць сходнае ўяўленне наконт станоўчых і адмоўных працэсаў у мікрараёне, а таксама таго, чаго менавіта ім не хапае ў Каменнай Горцы, каб зрабіць яе лепей і камфортней для жыцця. Вось асноўныя прыклады таго, што, на думку жыхароў, патрэбна Каменнай Горцы:
1. месца, дзе ёсць больш магчымасцяў бавіць час разам з дзецьмі — напрыклад, дзіцячыя пляцоўкі, якія пакуль што «бедныя» у плане гульняў, і непрыстасаваныя для вялікай адначасовай колькасці дзятвы да дзіцячых кафэ, вельмі бракуе.
2. азеляненне: нестача дрэваў, зялёных зон — недахоп, узгаданы ўсімі ўдзельнікамі размоў пра раён.
3. Чысціня: яе падтрыманне, як не дзіўна, таксама гучала ў спісе праблемаў. Хаця камунальныя службы ў цэлым даюць рады прыбіранню, асноўную ўвагу мае суразмоўцы звяртаюць на тое, што многія мясцовыя не прыбіраюць смецця за сабой, асабліва пры выгуле сабак. Таму, многія казалі пра неабходнасць змены ўласнага стаўлення людзей да адкідаў і чысціні.
4. Шэрасць і аднатыпнасць раёна: мясцовыя часта наракаюць што яму не хапае нейкага «падхарашэння». Мабыць, у Каменнай Горцы быў бы да рэчы праект накшталт «Майго спальнага», што праводзіцца ў Серабранцы.

Разам з пажаданнямі, жыхары і жыхаркі Каменнай Горкі маюць страхі і засцярогі, наконт магчымых далейшых зменаў у раёне, напрыклад, его далейшай і шчыльнейшай забудовы з адпаведным змяншэннем «зялёнай зоны», без таго маленькай; павелічэння нагрузкі на інфраструктуру і колькасці людзей вакол. Як і ў шматлікіх іншых мікрараёнах Беларусі людзі баяцца не быць пачутым, але і баяцца выказацца ды з-за гэтага згубіць тое, што ў іх на цяперашні момант ёсць.

P.S. Напрыканцы пакіну тут адну з тых прыемных рэчаў, якую ўсталявалі ў Каменнай Горцы разам з прыходам зімы — навагоднюю елку.


На галоўным фота — сажанцы на фоне Каменнай Горкі.
Крыніца https://realt.onliner.by/2017/06/28/fotofakt-102