Андрэй Калаур

Беднасць – распаўсюджаная з’ява, якая закранае амаль кожную краіну сусвета, Румынія і Беларусь тут – не выняткі. З 2010-х гг. у Беларусі, а ў Румыніі – з нашмат ранейшага часу, паступова рэалізуецца неаліберальны праект, які, як правіла, мае сярод сваіх наступстваў змяншэнне дзяржаўнай прысутнасці ў сацыяльна-эканамічнай сферы і сацыяльныя выдаткі: няроўнасць, беднасць, беспрацоўе. Аднак у выпадку эфектыўнай дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і грамадскай узаемадапамогі сацыяльныя праблемы могуць быць пераадолены або «змякчаны».

У новай для Беларусі сацыяльна-эканамічнай канфігурацыі асобная адказнасць у вырашэнні сацыяльных пытанняў палягае на плечы мясцовых супольнасцяў. Што трэба рабіць краінам у барацьбе супраць беднасці? Па-першае, адэкватна падлічваць беднасць, каб яна стала (або не) бачнай як «праблема» на палітычным узроўне, і, па-другое, рэагаваць на яе адэкватнымі мерамі. У артыкуле прадстаўлены непоўны агляд практык грамадскай узаемадапамогі – я апісваю як у Клужы, Румынія, і Пінску, Беларусь змагаюцца з грашовай беднасцю і што з гэтага атрымліваецца (ці не).


Пата Рыт

Фестываль Jazz in the Park праходзіць у Клужы кожны чэрвень-ліпень з 2013 года. Сярод запрошаных у 2017 годзе – Dhafer Youssef; цана квітка – ад 20 еўра. З другога боку – бесплатны (калі хочаш, ахвяруй грошы) джаз-канцэрт на Пата Рыт (Pata Rât).
26 чэрвеня а шостай гадзіне вечара, насупраць кінатэатра Фларын Персік (цэнтр горада), пачаў рух аўтобус, канцавы прыпынак – Пата Рыт (каля 6 км ад горада). Праезд тут аплочваць не трэба. Моладзь, напэўна з мэтай патусавацца і паслухаць музыку, цалкам набівае транспарт бліжэй да восьмай. На Пата Рыт разгорнута сцэна у палатцы можна набыць піва; выступаюць Marius Mihalache Band, JazzyBIT ды Taraful lui Siminic.

Пата Рыт – гэта трушчобы, якія месцяцца недалёка ад гарадской звалкі. «Мы едзем на Пата Рыт, бо хацім звярнуць увагу на сітуацыю, якая склалася там… Музыка – наша «зброя» і праз яе мы паспрабуем перадаць мэсэдж», – допіс, які пакінулі арганізатары Jazz in the Park у сацсетках. Мэнэджэрам удалося паспяхова завяршыць два праекты – гэта летняя праграма для дзяцей і гадавая спартыўная праграма для падлеткаў. Трэці праект, закладзены на грошы з фестывалю 2018 года, – дзіцячы парк [1].

Разглядаючы спіс реалізаваных праектаў, я заўважыў, што існуе адпаведны трэнд па ўцягненню жыхароў Пата Рыт у сацыяльна-культурнае жыццё грамадства. У гэтай сувязі можна ўзгадаць заўвагі эканаміста А. Дзітана пра тое, што

неабходная падтрымка бедных ужо даўно выйшла за межы выплат на мінімальны прадуктовы кошык (за выключэннем стран Афрыкі і Паўднёвай Азіі); сёння часцей размова ідзе пра недахоп сродкаў на паўнавартасны ўдзел бедных у жыцці грамадства

[3, c. 210]. Так, кіраўніцтва TIFF, міжнароднага фестывалю кіно ў Клужы tiff.ro/, арганізавала тур для дзяцей з Пата Рыт у Банціду, дзе на тэрыторыі палацавага ансамбля Банфі праходзіў кінапаказ; таксама дзеці тут маглі далучыцца да валанцёрскага руху. Foundation People’s Development – суполка, якая накіроўвае сваю дапамогу дзецям у нястачы; з 2013 па 2014 гг. яна ладзіла адукацыйныя мерапрыемствы на сорак дзяцей двойчы на тыдзень і забяспечвала (з дапамогай мясцовага бюджэту) вучняў школьнымі прыладамі.

На Пата Рыт ажыццяўляюцца тры рэжымы дапамогі, якія адрозніваюцца па крыніцах фінансавання – гэта еўрапейскія фонды, мясцовы бюджэт і грамадская супольнасць; усе тры функцыянуюць як разам, так і па-асобку (прычым грамадская супольнасць выступае не толькі як крыніца фінансавання, але і на валанцёрскіх пачатках). «Праект Пата Рыт» або «Сацыяльныя захады па дэсегрегацыі і інтэграцыі ўразлівых груп на тэрыторыі метраполіі Клуж, уключаючы пазбаўленых спрыяльных умоваў ромаў» фінансуецца за кошт EEA Grants. 2000000 еўра было выплачана, каб праект змог выконваць шэраг сацыяльных абавязкаў. Каманда праекта з’яўляецца медыятарам паміж грамадскасцю Пата Рыт і публічнымі інстытутамі, ладзіць культурныя мерапрыемствы, трэнінгі для жыхароў і даследаванні, неабходныя для сацыяльных інстытуцый Клужа. «Праект Пата Рыт» каардынуе грамаду па арганізацыі/планаванні «Транзітнага моладзевага цэнтра», а таксама ўдзельнічае ў праграме па адукацыі «Другі шанец». Праект ужо дапамог прыкладна двумстам трыццаці чальцам Пата Рыт атрымаць сацыяльныя ільготы і ID-карткі (якія, у сваю чаргу, дазваляюць атрымліваць мінімальны гарантаваны даход). Безумоўна, адным з галоўных донараў Пата Рыт з’яўляецца гарадскі бюджэт Клужа. На яго сродкі дзве сям’і былі забяспечаны сацыяльным жыллём ў 2013 г., прафінансавана тры грамадскія лазні і часовы мабільны блок, школьны транспарт для 100 вучняў, 14 экалагічных прыбіральняў, дровы для ацяплення. Мэрыя на сродкі Еўрапейскага фонда рэгіянальнага развіцця (2013-2016 гады, 2800000 еўра) раздала сацыяльнае жыллё адзінаццаці сем’ям, арганізавала мульціфункцыянальны сацыяльны цэнтр для ўразлівых груп, стварыла працоўныя месцы для дзесяці сем’яў [2].

Як падлічваецца беднасць у ЕС і Румыніі?

Eurostat падлічвае паказчык «людзі з рызыкай беднасці і сацыяльнай выключанасці», падсумоўваючы тры формы беднасці: грашовая беднасць, цяжкія матэрыяльныя пазбаўленні ды пражыванне ў хатняй гаспадарцы з нізкай працоўнай інтэнсіўнасцю (гэта адсотак працаздольных людзей, якія працавалі не больш за 20 адсоткаў магчымага працоўнага часу). У Еўрасаюзе станам на 2017 год гэты паказчык складаў 22,5% ад агульнага насельніцтва, у той час як у Румыніі ён быў на ўзроўні 35,7% [7].

Доля людзей з рызыкай беднасці і сацыяльнай выключанасці ад агульнай колькасці насельніцтва па краінах (у %) (крыніца: Eurostat).

Грашовая беднасць – самая распаўсюджаная форма беднасці ў Еўрасаюзе; у 2017 годзе яна закранала 16,9% грамадзян [8]. Паказчык грашовай беднасці ў Румыніі на 2017 год – 23,6%. Парог грашовай беднасці ўсталяваны на пэўным працэнце (60%) медыяннага наяўнага дахода (такім чынам, калі сярэдні даход расце, то расце і парог). Адсотак людзей у Румыніі, якія пражывалі ў хатніх гаспадарках з нізкай працоўнай інтэнсіўнасцю, складаў 6,9% ад агульнай папуляцыі людзей да 60 год.

Цяжкія матэрыяльныя пазбаўленні – гэта падсумаванне, як мінімум, чатырох з наступных пунктаў: вымушаная няздольнасць аплаціць непрадугледжаныя расходы (а не выбар не рабіць гэтага!); няздольнасць аплаціць працоўны тыднёвы адпачынак удалечыні ад дома раз у год; няздольнасць забяспечваць сябе такімі прадуктамі харчавання як курыца або рыба кожны другі дзень; адсутнасць адэкватнага абагравання жытла; адсутнасць тавараў працяглага карыстання

(уключаецца ў пункты 5-8) – пральнай машыны, тэлевізара, тэлефона або аўтамабіля; наяўнасць запазычанасцяў (па крэдытах або растэрміноўцы), неаплачанай камуналкі ці арэнды. У Румыніі 19,7 адсоткаў насельніцтва на 2017 год знаходзілася ў стане цяжкіх матэрыяльных пазбаўленняў.
З 2002 па 2007 год Нацыянальны інстытут статыстыкі Румыніі карыстаўся пры падліку методыкай абсалютнай рысы беднасці – падлічваўся кошт спажывецкага кошыка і працэнт людзей, якія не маглі сабе яго дазволіць. Зараз грашовая беднасць разлічваецца па методыцы Eurostat – гэта так званая адносная беднасць. Заўважу, што ў 2006 годзе, калі румыны падлічвалі адразу па двум методыкам, кошт кошыка быў ніжэй, чым парог грашовай беднасці (кошык на аднаго дарослага складаў 73 долара, а парог беднасці – 104 USD).

Партрэт грашовага беднага ў Румыніі і Клужы

Паводле Eurastat, найбольшая колькасць людзей з рызыкай беднасці і сацыяльнай выключнасці ў Румыніі пражывае ў сельскай мясцовасці – 52 адсоткаў станам на 2016 год. Каля 24 адсоткаў такіх людзей сярод гараджан [9]. Адна з самых уразлівых груп – гэта беспрацоўныя, каля 67 адсоткаў з усіх бедных на 2017 год (лічыцца узрост вышэй за 18) [7]. Пры гэтым наяўная розніца ў беднасці паміж этнічнасцямі: за рысай абсалютнай беднасці аказаліся 58% ромаў і толькі 19% румынаў (дадзеныя за 2007 год) [11]. У 2013 г. ужо 33% ромаў жылі ў абсалютнай беднасці [13]. За парогам адноснай беднасці у 2017 годзе знаходзіліся людзі, якія атрымалі за 12 месяцаў меньш за 7388 лей/1807 USD [10].

Горад Клуж-Напока з’яўляецца самым вялікім у рэгіёне развіцця «Паўночна-Заходні» і самым багатым (як IT-цэнтр краіны) – з сярэднім заробкам, напрыклад, для прадаўцоў 400 еўра, а для мэнэджэраў – 2000-3000 еўра [12]. У 2017 годзе 19% жыхароў рэгіёна (з насельніцтвам 2719719 па дадзеных на 2010 г.) знаходзілася за рысай адноснай беднасці. Для параўнання: самыя бедныя рэгіёны (па даходзе на душу насельніцтва) «Паўднёвы-Мунтэнія» і «Паўночна-Усходні» маюць паказчыкі беднасці (2017) – 24,9% з 3267270 жыхароў (2010) і 33,4% з 3712396 (2010).

Пата Рыт – крайні выпадак сацыяльна-тэрытарыяльнай маргіналізацыі, раён, пераважна заселены ромамі і ўгорцамі (59,5% і 33,3%). Раёны Кантонулуй, Далас і Колін (Коастэй) таксама з’яўляюцца прыкладамі сацыяльна-тэрытарыяльнай маргіналізацыі ў Клужы. Яны заселены ромамі, румынамі, угорцамі і «іншымі этнасамі». Больш за 170 чалавек з гэтых чатырох маргіналізаваных лакацыяў маюць узрост ад 25 да 34, па колькасці гэта самая вялікая група (дадзеныя за 2012 год).

Ніводны чалавек з Пата-Рыт не атрымаў вышэйшай адукацыі станам на 2012 год, 29,1% зусім не мелі адукацыі, што, безумоўна, пакідала ім няроўныя ўмовы (напрыклад, для працаўладкавання) ў параўнанні з астатнімі гараджанамі (у Клужы 33,9% жыхароў з вышэйшай адукацыяй, 0,9% – без адукацыі).

Адмысловыя стратэгіі па барацьбе з беднасцю ў Румыніі і Клужы

Для барацьбы з беднасцю ўрадам Румыніі была прынята «Нацыянальная стратэгія па сацыяльнай інтэграцыі і скарачэнні беднасці 2014-2020», якая ставіць сабе за мэту «каб усе грамадзяне мелі роўныя магчымасці для ўдзела ў жыцці грамадства, былі каштоўнымі і значнымі, жылі годна ды з забяспечанымі элементарнымі патрэбамі і ў спрыяльных абставінах, дзе паважаюць іх адрозненні». Сярод прапаноў Нацыянальнай стратэгіі: зменшыць колькасць беспрацоўных сярод беднага насельніцтва (шляхам павялічэння колькасці працоўных месцаў); адукаваць бедных і надаць ім новыя навыкі; павялічыць сацыяльны бюджэт для бедных; развіваць і ўдасканальваць працу сацыяльных служб; кансалідаваць службы па абароне дзяцей; забяспечыць роўныя адукацыйныя магчымасці для ўсіх дзяцей; павялічыць якасць аказання медыцынскіх паслуг у адпаведных галінах (рэпрадуктыўнае здароўе, харчаванне маці і дзяцей, інфекцыйныя і хранічныя хваробы); павялічыць колькасць сацыяльнага жылля; заахвочваць грамадскую супольнасць да грамадзянскай дапамогі бедным [13].

Мінімальны гарантаваны даход (МГД) – працэнт [бенефіцыяраў] ад агульнай колькасці насельніцтва [па жудецах]» (крыніца: HotNews.ro). МГД – сацыяльная дапамога, якая выплачваецца дзяржавай самым бедным грамадзянам. У жудецы Клуж такую дапамогу (сярэдняя сума – 272,56 лей/каля 66 USD) атрымлівала 0,50% насельніцтва ў 2017 годзе

На мясцовым узроўні праграма «Клуж 2020 – інклюзыўны горад; Сацыяльная інклюзыўнасць – стратэгічны напрамак па развіцці муніцыпалітэта Клуж-Напока 2020» уключана ў гарадскую стратэгію развіцця. Так, працоўная група «Сацыяльная інклюзыўнасць», сярод семнацацці ўдзельнікаў якой мэнэджэрка «Праекта Пата-Рыт» і выкладчыца Ўніверсітэта Бабеш-Байяі (УББ, Клуж-Напока) Ю. Адаржані, выкладчык УББ А. Рэбэляну, выкладчык М. Рот, на чале з прафесарам УББ Вінчэ Эніка і прэзідэнтам Рэсурснага цэнтра для грамад ромаў Мойса Фларын з’яўляецца часткай вялікага калектыву (усяго 24 працоўных групы рознай тэматыкі – ад IT да кінематографа), што ўдзельнічае ў распрацоўцы стратэгіі гарадскога развіцця на чале з мэрам і, адначасова, выкладчыкам УББ Э. Бокам. Згодна з метадалогіяй стратэгіі, «Клуж-Напока НЕ з’яўляецца такой супольнасцю, дзе адміністрацыйнае ўпраўленне вызначае мэты развіцця закрытым чынам і «мудра накіроўвае» гараджан у пажаданым накірунку». Групы складаюцца з аднаго-чатырох каардынатараў, адказных за тэматыку (звычайна гэта даследчыкі, мэнэджэры, увогуле людзі, якія зарэкамендавалі сябе ў горадзе ў пэўных сферах). Групы працуюць аўтаномна і на выхадзе маюць сфармуляваную частку стратэгіі.

Стратэгічны напрамак «Клуж 2020 – інклюзыўны горад» бачыць праблему Клужа ў сацыяльнай эксклюзіі, сфармаванай з чатырох складнікаў: эканамічная і сацыяльна-прававая выключанасць (у такіх сферах як адукацыя, месца пражывання, занятак, здароў’е, сацыяльнае абслугоўванне), адсутнасць або цяжкасць удзела ў справах грамадства і тэрытарыяльная выключанасць (неспрыяльныя ўмовы навакольнага асяроддзя). Базіснае «бачанне» прадугледжвае, што «гарадское развіццё абапіраецца на прынцыпы інклюзыўнасці ды сацыяльна-тэрытарыяльнай згуртаванасці, якія забяспечваюць удзел усіх грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў наконт прыярытэтаў развіцця і фармавання бюджэту» [15, с. 378].

Стратэгічны напрамак прапаноўвае пэўныя крокі, сярод якіх распрацоўка праграм па часовай працы для беспрацоўных, стварэнне сацыяльна-эканамічнага інкубатара, перадача або здача ў арэнду бясплатных памяшканняў па зніжаных коштах для сацыяльна-эканамічных адзінак, ініцыяваных уразлівымі групамі, фінансаванне і падтрымка прадпрыемстваў, дзе мінімум 30% супрацоўнікаў належаць да ўразлівых груп. Таксама, згодна з мэтамі напрамку, даецца падтрымка сацыяльна-эканамічным адзінкам у будаўніцтве сацыяльнага жылля, каардынуецца сетка цэнтраў сацыяльных паслуг з дапамогай суполкі па сацыяльнай інклюзыўнасці і сацыяльнай эканоміцы, створанай сумесна з Дэпартаментам сацыяльнай і медыцынскай дапамогі. Сюды ж адносяцца фінансавая падтрымка школ з вялікай колькасцю вучняў з уразлівых груп, сеткі спецыяльных паслуг, адрасаваных уразлівым групам – падтрымка і развіццё Сацыяльнага дапаможнага цэнтра, бескаштоўныя юрыдычныя паслугі.

Асобным блокам ідуць інклюзыўныя механізмы, сярод якіх можна адзначыць наступныя:

— павялічэнне ўдзела ўразлівых груп у жыцці грамадства, напрыклад, пасродкам работы Цэнтра сацыяльнай інклюзыўнасці (створаны ў 2013 годзе);
— прыцягненне еўрапейскіх фондаў для праектаў па сацыяльнай інтэграцыі – у 2016 г. у Клужы адчыніў дзверы офіс швейцарскага фонда «HEKS/EPER», які, сумесна з іншымі партнёрамі, рэалізуе праект «Сацыяльная інклюзыўнасць і паляпшэнне ўмоваў жыцця ромаў і іншых уразлівых груп» з 4 напрамкамі – адукацыя, здароў’е і сацыяльная дапамога, кваліфікацыя, занятасць і павялічэнне даходаў, паляпшэнне умоваў жылля;
— удзельніцкае бюджэтаванне – праект «Удзельніцкае бюджэтаванне» у Клужы функцыянуе ў рэжыме анлайн з 2013 года;
— стварэнне працоўнай групы з удзелам НДА, экспертаў, ромаў, улады па інтэграцыі ромаў у грамадства;
— кансультацыі з уразлівымі групамі наконт распрацоўкі праграм развіцця.

Сацыяльныя дзяржаўныя службы ў Пінску

А цяпер перанясемся ў Беларусь. У гістарычным цэнтры Пінска, недалёка ад Палескага драматычнага тэатра і Дома культуры, у старым драўляным будынку па вул. В. Каржа, за металічнай жоўтай агароджай, размяшчаўся аддзел кругласутачнага знаходжання «Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Пінска» (ТЦСАН).

Аддзел быў разлічаны на дваццаць чалавек, «жывучых у нястачы непрацаздольных гараджан – людзей у сталым узросце, людзей з абмежаванымі магчымасцямі 1-й і 2-й груп» [16]. Гэта быў адзіны ў горадзе бескаштоўны прытулак – на існаванне аддзела выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі, – дзе сацыяльныя супрацоўнікі і ўрач забяспечвалі дагляд за людзьмі цягам прыкладна тыдня. Аддзел існаваў з 2004 года, і сваім размяшчэннем у цэнтры горада як бы нагадваў пінчукам пра існаванне ўразлівых груп. Па рашэнні мясцовай улады ён быў зліквідаваны ў 2018 г.

Былы аддзел кругласутачнага знаходжання па вул. Каржа, будучыня будынка невядома.

Людзі сталага ўзросту, якія пражываюць у Пінску і ня могуць забяспечыць сябе неабходным даглядам, цяпер накіроўваюцца «у раён». Пасля закрыцця аддзела кругласутачнага знаходжання былі арганізаваныя (і адразу запоўненыя) пятнаццаць «ложкаў сястрынскага дагляду» ў бальніцы аграгарадка Малоткавічы. Такога кшталту ложкі існуюць у вёсках Лемяшэвічы, Парэчча і Лагішыне (Пінскі раён). Пяць гадоў таму ў Лемяшэвічах у аддзеле сястрынскага дагляду маглі размясціць каля трыццаці трох чалавек, зараз, паводле тэлефоннай размовы з адміністрацыяй бальніцы, трыццаць пяць. Узімку запоўненасць аддзела складае 100% (выглядае гэта падобна да дома для людзей сталага ўзросту, паглядзець фатаздымкі можна тут). Гарадская супольнасць давала пэўную падтрымку: людзі прывозілі адзенне, на святы маглі завітаць сацыяльныя супрацоўнікі, валанцёры. «У раёне» людзі сталага ўзросту выплочваюць дзяржаве 80% ад сваёй пенсіі, грошы ідуць на ежу, размяшчэнне і сацыяльны дагляд. Чалавек піша заяву на імя дырэктара бальніцы, праходзіць абследаванне, кладзецца на тэрмін да паўгода. Потым, калі пенсіянеру няма куды ісці, ён/яна можа перавесціся ў інтэрнат пад Мінскам.

Вернемся ў горад. ТСЦАН падпарадкоўваецца Упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай дапамозе Пінскага гарвыканкама. Дзейнасць яго накіраваная на падтрымку людзей, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Якія функцыі здзясняе ТСЦАН? Гэта больш за дваццаць відаў паслуг, сярод якіх кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-медычныя, паслугі сядзелкі, паслугі па навучанні працы на камп’ютары для людзей сталага ўзросту і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гуманітарная дапамога, прыём дакументаў на дзяржаўную сацыяльную адрасную дапамогу, выдача і замена пасведчання шматдзетнай сям’і.

Цягам года сектар сацыяльнай дапамогі гарвыканкама выкладвае ў сеціва «Аператыўную інфармацыю» – амаль адзіны выкладзены ў сеціва дакумент мясцовага ўзроўня, які дае магчымасць прааналізаваць, каму накіраваная сацыяльная падтрымка і што яна прадугледжвае. Паводле гэтага дакумента, матэрыяльную дапамогу атрымліваюць дзве асноўныя групы насельніцтва. Першая – гэта людзі сталага ўзросту, сярод якіх удзельнікі ВАВ, інваліды ВАВ, вязні фашызму. Агулам гэта 894 пенсіянера, якія атрымалі дапамогу на суму 61985 рублёў (за які перыяд – з дакумента незразумела), а таксама 19721,02 рублёў кампенсацыі за невыкарыстаныя пуцёўкі ў санаторыі (у 2017 годзе). На пятнаццаць чалавек былі аформленыя дакументы ў інтэрнат. Ёсць у аператыўнай інфармацыі і другая група – сем’і (у межах сямейнай палітыкі дзяржавы). Так, за тры квартала 2018 г. 1219 чалавек атрымала з гарадскога бюджета адрасную сацыяльную дапамогу на суму 290103,23 рублёў (разавыя або месячныя выплаты), сацыяльная дапамога на пакупку падгузнікаў – 945 чалавек на суму 602164,90 рублёў, пакрыццё затрат на харчаванне для дзяцей першых двух гадоў жыцця – 465 чалавек, на суму 293966 рублёў; назначана грашовая дапамога 600 сем’ям.

Чырвоны Крыж у Пінску

Пінская гарадская арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа пад кіраўніцтвам Наталлі Калеснік аб’ядноўвае амаль 75 гарадскіх суполак. Чырвоны Крыж, безумоўна, адна з самых актыўных НДА ў горадзе – больш, чым 60 валанцёраў з Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, медыцынскага каледжа, гімназій і школ штогод прымае ўдзел у яе сацыяльных праектах. Арганізацыя аказвае дапамогу медыка-сацыяльную (працуюць дзве медсястры), гуманітарную (прадукты, вітаміны, медыцынскае абсталяванне, адзенне), кансультатыўную і псіхалагічную. Чырвоны Крыж дапамог 4342 людзям за 2010-2015 гг. на суму 362 млн. 3 тыс. рублёў (перад дэнамінацыяй), а за меньш кароткі перыяд – 2016-2018 гады – 6072 людзям у нястачы на суму 20 727,00 рублёў.

У невялічкай апытанцы, якую я даслаў Наталлі Калеснік, яна адзначыла, што больш за ўсё людзей у нястачы ў Пінску сярод наступных сацыяльных групаў: бальшыня (не абсалютная) – людзі з абмежаванымі магчымасцямі, за імі ідуць сем’і/людзі ў грашовай беднасці, людзі ў сталым узросце, шматдзетныя сем’і. Праз Чырвоны Крыж сорак сем’яў перасяленцаў з Украіны атрымалі дапамогу на суму 58800 рублёў. Арганізацыя робіць запыт на спісы людзей у нястачы ў «гарсабесе» (напэўна, маецца на ўвазе Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай дапамозе), а таксама мае свае спісы падапечных. «Практычна кожны дзень прыходзяць звароты па дапамогу (на тры-пяць чалавек штодзённа). Гэта інваліды, непоўныя і малазабяспечаныя сем’і, пенсіянеры, асобы, што прышлі з месцаў пазбаўлення свабоды», – адзначыла кіраўніца Чырвонага Крыжа ў Пінску.

Як падлічваюць беднасць у Беларусі. Партрэт беларускага беднага

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь падлічвае абсалютную беднасць па методыцы, ўпершыню выкарыстанай Сусветным банкам. На сённяшні дзень Сусветны банк усталяваў рысу беднасці ў 1,9 долара на дзень на чалавека. Паводле такой планкі, каля 10% насельніцтва планеты знаходзяцца за рысай беднасці. ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі склаў у 2017 годзе 5726 долараў ЗША, у Румыніі – 10813 долараў ЗША (паводле дадзеных таго ж Сусветнага банка). Сярэдні ВУП на душу насельніцтва планеты склаў 10714 долараў ЗША.

У Беларусі бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) быў падлічаны па-свойму. Ён вызначаны як «мінімальны набор прадуктаў харчавання для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва, непрадуктовых тавараў і паслуг, кошт якіх вызначаецца як фіксаваная доля ў памеры 77% ад кошта мінімальнага набора прадуктаў харчавання». Як вядома, памер пражытковага мінімума ўплывае на аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі, памер мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, надбавак. З 1 лістапада 2018 па 31 студзеня 2019 года БПМ складае 214 беларускіх рублёў 21 капейку/каля 100 USD на душу насельніцтва (сярэдні паказчык для ўсіх сацыяльных груп), для працаздольнага чалавека – 237 беларускіх рублёў 21 капейка/каля 111 USD, для пенсіянера – 163 беларускіх рублі 93 капейкі/каля 76 USD [17].

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2017 год, 5,9% ад усіх жыхароў Беларусі з’яўляюцца малазабяспечанымі (то бок маюць ресурсаў меньш за пражытковы мінімум).

Можна адзначыць павялічэнне беднасці з 2014 года на 1,1% (4,8%) [6, c. 18].

Белстат падлічваў суб’ектыўную беднасць – праводзіў выбарачныя абследаванні з ахопам 6000 хатніх гаспадарак (сямей) кожны год. З дазволу сям’і даследчыкі праводзяць апытанкі (адну галоўную і чатыры квартальных); да гэтага, адзін з чальцоў сям’і на працягу двух тыдняў вядзе дзённік. Статыстыкаў цікавяць дэмаграфічныя характарыстыкі сям’і, жыллёвыя ўмовы, асабістая падсобная гаспадарка, маёмасная забяспечанасць, выдаткі і даходы гаспадарак [5]. У 2012 годзе суб’ектыўная беднасць складала 14,3% [4]. Па гэтым жа годзе ёсць лічба і пра адносную беднасць – 14,2%.. Сёння ў афіцыйнай статыстыцы паказчык суб’ектыўнай беднасці (вынік абследавання хатніх гаспадарак) ніжэй за ўзровень абсалютнай беднасці па краіне – 3,9% (ІІІ квартал 2018 г.; гэтыя дадзеныя здаюцца дзіўнымі, калі ўлічваць што ў 2012 годзе адпаведны паказчык станавіў 14,2%) [19].

Інстытут BEROC мае свае лічбы: тут падлічылі абсалютную беднасць у Беларусі зыходзячы з паказчыкаў спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак на задавальненне асноўных патрэбаў. У 2016 г. беднасць вырасла на 14,4% ў параўнанні з прошлым годам і склала 29,3%. Больш бедных – 40,6% – пражываюць у сельскай мясцовасці, 25,3% – у гарадах. Найбольш уразлівыя вобласці – Брэсцкая (38,3%) і Магілёўская (35,6%), найбольш уразлівыя групы – сем’і з больш чым двумя дзецьмі [20, с. 24].

Паводле Белстата, самая «забяспечаная» тэрытарыяльная адзінка – горад Мінск (1,6% бедных), самая малазабяспечаная вобласць – Брэсцкая (8,4%). Па сацыяльных паказчыках найбольш уразлівыя групы – сем’і з 2 або больш дзяцьмі (15,2% у адпаведнай групе). 9,6% пражываюць у сельскай мясцовасці, а 4,6% у гарадах і ПГТ [6]. Сярэдні заробак у Пінску ў 2017 г. склаў 682,7 беларускіх рублі/прыкладна 320 USD (у Брэсце – 810,8 беларускіх рубля або каля 382 USD).

Сціпла пра чыннікі беднасці. Узаемадапамога

А цяпер перанясемся ў Беларусь. У гістарычным цэнтры Пінска, недалёка ад Палескага драматычнага тэатра і Дома культуры, у старым драўляным будынку па вул. В. Каржа, за металічнай жоўтай агароджай, размяшчаўся аддзел кругласутачнага знаходжання «Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Пінска» (ТЦСАН).

Аддзел быў разлічаны на дваццаць чалавек, «жывучых у нястачы непрацаздольных гараджан – людзей у сталым узросце, людзей з абмежаванымі магчымасцямі 1-й і 2-й груп» [16]. Гэта быў адзіны ў горадзе бескаштоўны прытулак – на існаванне аддзела выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі, – дзе сацыяльныя супрацоўнікі і ўрач забяспечвалі дагляд за людзьмі цягам прыкладна тыдня. Аддзел існаваў з 2004 года, і сваім размяшчэннем у цэнтры горада як бы нагадваў пінчукам пра існаванне ўразлівых груп. Па рашэнні мясцовай улады ён быў зліквідаваны ў 2018 г.

Кантэйнеры для адзення ў Клужы

«Гарачая ежа» – сацыяльны праект, ўпершыню рэалізаваны ў сталовай мэрыі ў 2013 годзе. Валанцёры пад кіраўніцтвам Касміны Пауль прыгатавалі 50 порцый па зніжаных цэнах для бедных. З таго часу кожны чацвер а 4 гадзіне вечара сталовая мэрыі прапануе гарачую ежу для 60-80 чалавек. З цягам часу да праекта прыядналася сталоўка факультэта палітычных, адміністратыўных і камунікацыйных навук УББ, дзе кожны чацвер гатуецца 100 порцыяў гарачай ежы для дзяцей. Сталоўкі Сацыяльнага дапаможнага цэнтра і Цэнтра часовага размяшчання кожны чацвер (у межах праекта) гатуюць 110 порцый гарачай ежы для рэзідэнтаў цэнтраў.

Сталоўка мэрыі Клужа

Гарадская супольнасць Пінска (і ўвогуле супольнасць сацыяльных сетак), аб’яднаная ў анлайн-рэжыме з мэтай дапамагчы людзям у нястачы, таксама збірае сродкі і адрасна накіроўвае іх.

Дабрачынная грамадская арганізацыя «З дабрынёй па свету» стаіць на чале шматлікіх праектаў у Пінску і Брэсцкай вобласці – праведзена каля 200 акцый за тры гады. Усяго каля адзінаццаці валанцёраў ужо здяйснілі/працягваюць здяйсняць шэраг праектаў, сярод якіх «Разам лягчэй» (збор сродкаў праз сацыяльныя сеткі), «Рабі на карысць» (майстар-класы, сабраныя сродкі з якіх ідуць на дапамогу падапечным арганізацыі), «БлагоДарю» (перадача адзення і прадметаў быта шматдзетным, малазабяспечаным, сем’ям з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі), бальнічныя клоўны, «Валанцёрскі год» (наведванне дзяцей у сацыяльна-педагагічным цэнтры) [23]. Праект «БлагоДарю» размяшчае ў VK-групе аб’яўкі пра зборы розных прадметаў. Напрыклад, зараз актуальны збор прадметаў інтэр’ера для шматдзетнай сям’і, збор адзення, гародніны. У кастрычніку 2018 валанцёры «З дабрынёй па свету» правялі на «пінскай пешаходцы» гаражны распродаж, які прадугледжваў перадачу пінчукамі рэчаў на продаж і непасрэдна сам продаж (усяго было продана рэчаў на суму 371,69 рублёй), а таксама пакупку гульнявога і развівальнага абсталявання для аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў з множнымі цяжкімі парушэннямі.

Высновы

Артыкул, безумоўна, не пералічвае ўсе існуючыя практыкі ўзаемадапамогі ў Клужы і Пінску. Гэта збольшага нарыс; уступ да думання пра тое, як мы можам дапамагчы бедным.

На падставе кейсаў і стратэгій/дакументаў, што мне трапіліся, заўважу, што

ў Клужы як ўлада, так і грамадская супольнасць надаюць асаблівае значэнне адукацыі, уцягненню бедных у культурнае жыццё, удзельніцкім практыкам з мэтай надаць уразлівым групам пэўны сацыяльны капітал

(канешне, трэба ўлічваць і іншыя мэты). Гараджане і мясцовая ўлада Пінска збольшага ажыццяўляюць матэрыяльную дапамогу бедным, якая, дарэчы, з’яўляецца значнай часткай падтрымкі бедных і ў Клужы. З іншага боку, наўрад ці ў Пінску існуе глыбокая спецыялізацыя сярод адпаведных арганізацый. І Чырвонаму Крыжу, і камандзе «З дабрынёй па свету» даводзіцца займацца ўсім спектрам пытанняў пры тым, што «попыт» на іх дапамогу, на жаль, зрастае. А адсутнасць спецыялізаваных арганізацый, на мой погляд, не дадае эфектыўнасці ў барацьбе з беднасцю.

У палітычнай сферы Беларусі беднасць не стаіць на павестцы дня. Пакуль белстатаўскі паказчык беднасці знаходзіцца на такім ўзроўне, які мы маем зараз, аніякай праблемы сфармулявана, на мой погляд, не будзе. А гэта значыць, што і адмысловых праграм супраць беднасці ў хуткім часе чакаць не прыйдзецца. Таму, шмат адказнасці палягае на нас і шмат залежыць ад нашай актыўнасці.

Важнасць грамадскай узаемадапамогі ў Румыніі замацавана не толькі ва ўрадавай стратэгіі, але і ў дабрачынных акцыях, якія робіць мэрыя супольна з НДА і валанцёрамі (тым самым узмацняя эфект ад дапамогі). Добры прыклад прыводзіць А. Мюльбах – неаліберальны парадак і валанцёрскі рух у Італіі. «Валанцёрства, – піша яна, – моцна падтрымліваецца дзяржавай, якая выкарыстоўвае 82% з нацыянальнага бюджэту сацыяльных служб для таго, каб прафінансаваць некамерцыйныя і валанцёрскія арганізацыі» [25, c. 458]. Даследчыца акцэнтуе ўвагу на тым, што касцёл, які стаў рухавіком валанцёрства, і ідэалогія пост-вашынгтонскага кансэнсуса сыходзяцца на падтрымцы рынкавых адносін, агульнай маральнай адказнасці за наступствы рынка і ўзаемадзеяння/дапамогі паміж людзьмі.

Сціпла падкрэслю і іншую оптыку барацьбы з беднасцю: «безграшовая прастора» і жыццё ў камуне. Такая гарадская прастора, дзе грошы не з’яўляюцца «квітком», на мой погляд, – важлівая частка грамадскай стратэгіі барацьбы з беднасцю. «Безграшовую прастору» у Клужы можа адчуць кожны. Напрыклад, тут бескаштоўны ўваход на канцэрты ў мясцовую кансерваторыю, бясплатныя тыдні кіно і музычныя фестывалі, трэнінгі, сталоўкі для бедных і арганізаванае размеркаванне бясплатнага адзення.

Прыклад змянення статуса беднага – арганізацыя камун «Эмаўс». Чалавек, які апынуўся ў такой камуне, ужо сам можа аказваць падтрымку бедным. Першая камуна «Эмаўс» была заснавана каталіцкім святаром А. Груэ ў Францыі ў 1949 годзе. Зараз арганізацыя налічвае каля пяці тысяч чалавек (кампаньёнаў), якія жывуць у грамадах, збіраюць старыя рэчы, рэмантуюць іх і прадаюць у крамах (якіх каля васьмі толькі ў Парыжы). Кампаньёны атрымліваюць жыллё, ежу, 360 еўра кожны месяц і сацыяльную падтрымку, накіроўваючы частку даходу з продажаў на салідарныя акцыі [26].

На жаль, мы ня можам канстатаваць на ўзроўні дзяржаўнай статыстыкі наколькі грамадская дапамога спрыяе змяншэнню беднасці ў Пінску і Клужы. Але можна сказаць дакладна, што яе ўнёсак, калі не ў зніжэнне ўзроўня, то ў змякчэнне досведа беднасці, значны і заслугоўвае большай ўвагі.


Загалоўнае фота – гаражны распродаж на пінскай пешаходцы.
Крыніца https://vk.com/garagesalepinsk


Спасылкі

1. De ce Jazz in the Park la Pata Rât [Resursă electronică] // Jazz in the Park, 18 iun. 2018. – Modul de acces: https://www.jazzinthepark.ro/de-ce-jazz-in-the-park-la-pata-rat/. – Data de acces: 05.10.2018.
2. Projects in Pata Rat [Electronic resource] // Pata-Cluj, 2014. – Mode of access: http://www.patacluj.ro/wp-content/uploads/2015/09/Projects-in-Pata-Rat-2012-2014.pdf. – Date of access: 07.10.2018.
3. Дитон, А. Великий побег: здоровье, богатство и истоки неравенства / Ангус Дитон. – М.: Изд-во Института Гайдара, 2016. – 368 с.
4. Чаму беднасць у Беларусі зноў расце і што з гэтым рабіць [Электронны рэсурс] // Цэнтр новых ідэй, 24 лютага 2017. – Рэжым доступу: https://ideaby.org/poverty/. – Дата доступу: 03.11.2018.
5. О проведении в Республике Беларусь выборочного обследования домашних хозяйств по уровню жизни [Электронный ресурс] // Национальный статистический комитет Республики Беларусь. – Режим доступа: http://www.belstat.gov.by/informatsiya-dlya-respondenta/vyborochnye-obsledovaniya/vyborochnoe-obsledovanie-domashnih-hozyaistv-po-urovnyu-zhizni/ob-organizatsii-provedeniya-vyborochnogo-obsledovaniya-domashnih-hozyaistv-po-urovnyu-zhizni-v-respublike-belarus/. – Дата доступа: 01.09.2018.
6. Беларусь в цифрах 2018. Статистический справочник. – Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2018. – 72 с.
7. At risk of poverty or social exclusion in the EU-28, 2017 [Electronic resource] // Eurostat. – Mode of access: https://ec.europa.eu/eurostat/news/themes-in-the-spotlight/poverty-day-2018. – Date of access: 03.12.2018.
8. People at risk of poverty after social transfers [Electronic resource] // Eurostat. – Mode of access: https://ec.europa.eu/eurostat/tgm/refreshTableAction.do?tab=table&plugin=1&pcode=t2020_52&language=en. – Date of access: 03.12.2018.
9. Proportion of people at risk of poverty or social exclusion, by degree of urbanisation, 2016 [Electronic resource] // Eurostat. – Mode of access: https://ec.europa.eu/eurostat/statistics-explained/images/e/e9/Proportion_of_people_at_risk_of_poverty_or_social_exclusion%2C_by_degree_of_urbanisation%2C_2016_%28%25_share_of_population%29-RYB18.png. – Date of access: 03.12.2018.
10. Sărăcia în România [Resursă electronică] // Institutul Național de Statistică. – Modul de acces: http://statistici.insse.ro/shop/index.jsp?page=tempo3&lang=ro&ind=SAR101A. – Data de acces: 25.11.2018.
11. România: Raport de evaluare a sărăciei [Resursă electronică] // World Bank, 2007. – C. 19. – Modul de acces: http://siteresources.worldbank.org/INTROMANIAINROMANIAN/Resources/PovertyAssessmentReportRom.pdf. – Data de acces: 25.11.2018.
12. Salariul mediu în Cluj, în creştere cu aproape 15% faţă de anul trecut. Managerii şi IT-iştii au cele mai mari venituri [Resursă electronică] // Adevărul, 28 august 2018. – Modul de acces: https://adevarul.ro/locale/cluj-napoca/salariul-mediu-cluj-crestere-aproape-15-fata-anul-trecut-managerii-it-istii-cele-mai-mari-venituri-1_5b853d0cdf52022f75e60bb8/index.html. – Data de acces: 24.11.2018.
13. Strategia naţională privind incluziunea socială şi reducerea sărăciei (2014-2020) [Resursă electronică] // Ministerul Muncii și Justiției Sociale, 2014. – Modul de acces: http://www.mmuncii.ro/j33/images/Documente/Proiecte_in_dezbatere/2014/2014-12-29_HG_SIncluziune-Anexa1.pdf. – Data de acces: 01.12.2018.
14. Strategia incluziunii sociale Cluj-Napoca 2020 [Resursă electronică] // Cluj Management and Planning Group. – Modul de acces: http://cmpg.ro/wp-content/uploads/2013/12/incluziune.pdf. – Data de acces: 02.12.2018.
15. Stategia de dezvoltare a municipului Cluj-Napoca 2014-2020 [Resursă electronică] // Cluj Management and Planning Group. – Modul de acces: http://cmpg.ro/wp-content/uploads/2015/05/strategie-cluj-napoca-2014-2020.pdf. – Data de acces: 20.11.2018.
16. На Пинщине открылось отделение паллиативной помощи на 30 коек [Электронный ресурс] // Пинский городской исполнительный комитет, 28.02.2018. – Режим доступа: http://www.pinsk.gov.by/index.php?ELEMENT_ID=62581. – Дата доступа: 03.10.2018.
17. Бюджет прожиточного минимума [Электронный ресурс] // Министерство труда и социальной защиты Республики Беларусь. – Режим доступа: http://mintrud.gov.by/ru/norm1. – Дата доступа: 01.12.2018.
18. In It Together: Why Less Inequality Benefits All [Electronic resource] // OECD. – Paris, 2015. – 334 p. – Mode of access: http://www.keepeek.com/Digital-Asset-Management/oecd/employment/in-it-together-why-less-inequality-benefits-all_9789264235120-en#.WXCQB4TyjIV. – Date of access: 20.07.2017.
19. Уровень малообеспеченности домашних хозяйств в III квартале 2018 г. [Электронный ресурс] // Национальный статистический комитет Республики Беларусь. – Режим доступа: http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/uroven-zhizni-naseleniya/operativnaya-informatsiya_7/uroven-maloobespechennosti-domashnih-hozyaistv/uroven-maloobespechennosti-domashnikh-khozyaystv-v-iii-kvartale-2018-g/. – Дата доступа: 10.12.2018.
20. Mazol, A. Determinants of poverty with and without economic growth. Explaining Belarus’s poverty dynamics during 2009-2016 [Electronic resource] / Aleh Mazol // BEROC, November 2017. – Mode of access: http://eng.beroc.by/webroot/delivery/files/WP47_Aleh_Mazol.pdf. – Date of access: 17.09.2018.
21. Blyth, M. The Global Trumpism. Why Trump’s Victory Was 30 Years in the Making and Why It Won’t Stop Here [Electronic resource] / Mark Blyth // Foreign Affairs. – New York, 2017. – Mode of access: https://www.foreignaffairs.com/articles/2016-11-15/global-trumpism. – Date of access: 20.07.2017.
22. Crețu, A.-F. Income inequality in Romania: a comprehensive assessment [Electronic resource] // Fondul de Garantare a Depozitelor Bancare. — Mode of access: http://www.fgdb.ro/assets/resurse/Income-inequality-in-Romania-a-comprehenisve-assessment_AndreiCretu-1.pdf?fbclid=IwAR2Hg939Xmeb3iu_gmFMknp306hEaJvG5A7qzC5_n-VA3evUP3ERpV50b6M. – Date of access: 20.09.2018.
23. БОО «С добротой по миру» — 3 года! [Электронный ресурс] // Пінскі Веснік, 13 августа 2018. – Режим доступа: http://p-v.by/news/society/boo_s_dobrotoy_po_miru_3_goda/. – Дата доступа: 10.11.2018.
24. Бедность увеличивается в масштабах [Электронный ресурс] // Белорусы и Рынок, 15 января 2018. – Режим доступа: http://www.belmarket.by/bednost-uvelichivaetsya-v-masshtabah. – Дата доступа: 10.11.2018.
25. Muehlebach, A. The Catholicization of Neoliberalism: On Love and Welfare in Lombardy, Italy. – American Anthropologist, Vol. 115, № 3. – pp. 452–465
26. Старьевщики «Эммауса»: как барахолки спасают самых бедных и обездоленных во Франции [Электронный ресурс] // rfi на русском, 03.12.2018. – Режим доступа: http://ru.rfi.fr/frantsiya/20181203-starevshchiki-emmausa-kak-barakholki-spasayut-samykh-bednykh-i-obezdolennykh-vo-f?fbclid=IwAR2gxzr1TjeOlxTfvUwQcSMrnF3fB4e7i1CFeMsPocb2gYajTq2XIM6Wf-A. – Дата доступа: 04.12.2018.