Наратыўная справаздача пра палявое даслядаванне

Вуліца Кастрычніцкая ў Мінску асаблівая: тут мы адпачываем, танчым, спажываем, працуем; сюды мы водзім турыстаў і знаёмых з іншых гарадоў і краін; яе прыводзім у прыклад таго, як можа і як мае быць у Мінску. Але нават самай дабразычлівай вуліцы Мінска трэба зрабіць яшчэ немала, каб сумленна звацца “недыскрымінацыйнай”.

У рамках задуманага Галерэяй сучаснага мастацтва Ў праекта «Кастрычніцкая: Усё ўключана | Усе ўключаныя» Мінская ўрбаністычная платформа адрэфлексавала панятак «недыскрымінацыйнасць» ў дачыненні да гарадской вуліцы. Мы даследавалі розныя вымярэнні даступнасці Кастрычніцкай: фізічнае асяроддзе з ягонымі бар’ерамі, практыкі мабільнасці, камунікацыю паміж сэрвісамі і кліентамі, гатоўнасць і планы мясцовых актараў змяняцца ў бок большай інклюзіі і супраць дыскрымінацыі.

Тэрміналогія

Услед за большасцю праваабаронцаў, а таксама згодна са слоўнікавымі і заканадаўчымі дэфініцыямі мы разумелі дыскрымінацыю як абмежаванне або пазбаўленне правоў пэўных катэгорый грамадзян па прыкметах належнасці да той ці іншай сацыяльнай групы. У гарадской прасторы дыскрымінацыйнасць (то бок абставіны, што абумоўліваюць дыскрымінацыю) часта выражаецца ў фізічных характарыстыках асяроддзя і праз іх часцей за ўсё ідэнтыфікуецца даследаваннямі. Упаасобку, гарадская прастора правераецца на інклюзіўнасць і безбар’ернасць — то бок прыдатнасць для карыстання ўсімі сацыяльнымі групамі, уключна з асобамі з абмежаванай мабільнасцю, парушэннямі перцэпцыі (органаў пачуццяў зроку, слыху і іншых). Безбар’ернасць — катэгорыя адносна фармальная і строга вызначаная; яна апісваецца ў нарматыўных актах і фіксуецца міжнароднымі нормамі.

Адначасова, дыскрымінацыйнасць не вычэрпваецца матэрыяльнымі бар’ерамі. Складаней з такой характэрыстыкай прасторы як прыязнасць — яна патрабуе вызначэння і тлумачэння ў кожным асобным выпадку. Напрыклад, лінгвістычна гамагенны (пры афіцыйнай дзвюхмоўнасці), але з нядаўняга часу даступны без візы грамадзянам 80 з лішнім краін Мінск часта стаецца непрыязным проста праз неўменне прыняць іншасць. Сэрвісы, месцы і практыкі тут могуць быць непрыстасаванымі ні для іншаземцаў, ні для людзей іншай веры, ні для персон з меней распаўсюджанымі ідэнтычнасцямі — гендарнай, этнічнай, рэлігійнай і іншымі, гэтаксама як для людзей пэўнага выгляду, ўзросту, памеру, поглядаў (на экалогію, харчаванне, стыль адзення і г.д.). Мы стараліся звярнуць увагу на некаторыя раней не разгледжаныя ў Мінску вымярэнні сацыяльнай разнастайнасці.

Нашае даследаванне не было першым у Мінску даследаваннем інклюзіўнасці асяроддзя; мы звярнуліся па дапамогу да людзей з экспертнай кампетэнцыяй і досведам у дадзенай галіне. Мы асабліва ўдзячныя за кансультацыйную дапамогу Офісу па правах людзей з інваліднасцю, які з 2011 года ладзіць даследаванні і кампаніі ў сферы даступнасці асяроддзя і дэінстытуцыяналізацыі жыцця з інваліднасцю; кандыдату архітэктуры, дацэнту кафедры «Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў» БНТУ Наталлі Аляксандраўны Лазоўскай. Не менш важным пры вызначэнні нашай метадалогіі ды пунктаў увагі для нас было даследаванне, якое ў 2018 годзе праводзіла «Жывая Бібліятэка». 15 мінскіх прастор правераліся на даступнасць для 6 груп: людзі на вазках, людзі з аслабленым зрокам і невідушчыя, бацькі з маленькімі дзецьми, людзі старэйшага ўзросту, ЛГБТК+, людзі з імкненнем весці экапрыязны лад жыцця. Мы бачым сваё даследаванне як частку большай групы намаганняў мінскіх ініцыятыў па стварэнні больш недыскрымінацыйнага, экалагічнага і прыязнага Мінска.

Нашае даследаванне, аднак, мае і некалькі адметнасцяў у параўнанні з раней праведзенай ў Мінску працай. Мы дапоўнілі спіс груп, даступнасць для якіх даследавалася, уключыўшы людзей нейраатыповых (то бок з парушэннямі аўтыстычнага спектру) і з парушэннямі слыху. Дакладнай статыстыкі для многіх уразлівых груп насельніцтва Мінска не знайсці. Часта колькасць дыягнаставаных выпадкаў можна лічыць толькі ўскосным паказчыкам: напрыклад, дыагнаставанне аўтызму ў дзяцей дагэтуль вельмі недасканалае, і большая частка выпадкаў (да 90%) застаюцца па-за ўвагай медыкаў. Зыходзячы з сусветнай статыстыкі ў Беларусі можа з’яўляцца каля тысячы дзязей з аўтызмам розных формаў штогод, таму разам такія групы складаюць частку аўдыторыі, важную для сэрвісаў і завядзенняў у самых розных сэнсах. Акрамя таго, насуперак стэрэятыпнай візіі Кастрычніцкай як вуліцы моладзевай тусоўкі, мы бачым тут, асабліва ў дзённы час, маладых бацькоў з дзецьмі рознага ўзросту, офісных супрацоўнікаў, людзей старэйшага ўзросту.

У двух месцаў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні Жывой Бібілятэкі (гаворка ідзе пра Галерэю Ў і ОК16), мы пыталіся пра спробы адрэагаваць на рэкамендацыі і пра цяжкасці, злучаныя з гэтым. Паколькі даследаваліся месцы, размешчаныя ў непасрэднай блізасці і ўключаныя разам ў адну ўяўную прастору “Кастрычніцкая”, мы сфакусаваліся на вулічнай прасторы, у тым ліку праезнай частцы, тратуарах, пад’ездах да будынкаў («нічыйнай прасторы») і прылеглай тэрыторыі. Такім чынам, нашай мэтай было не толькі апісаць (не)даступнасць вуліцы, але і выявіць асноўныя перашкоды і магчымасці для падвышэння інклюзіўнасці асяроддзя тут.

Метадалогія

Асноўным метадам збора дадзеных было абследаванне памяшканняў і вонкавых тэрыторый на вул. Кастрычніцкая з дапамогаю спецыяльна створанай для даследавання анкеты аўдыту. Стварэнне такой анкеты было асобнай задачай, і мы лічым яе значным вынікам даследавання, прыдатным для выкарыстання пры даследаванні другіх лакацый беларускіх гарадоў. Мы разглядалі анкеты (“чэклісты”) міжнародных арганізацый, як праваабарончых, так і праектных (ТКП — тэхнічныя кодэксы ўстаноўленай практыкі), а таксама асобных універсітэтаў, якія правяралі на даступнасць свае кампусы (гл. раздзел Спасылкі). Выкарыстоўваліся анкеты для такіх груп карыстальнікаў як людзі на вазках, людзі пажылога ўзросту, людзі з сенсорнымі парушэннямі (слыху, зроку, здольнасці чытаць) або парушэннямі маўлення, нейратыповыя (з парушэннямі аўтыстычнага спектру), трансгендерныя людзі. Правералась даступнасць пры пошуку месца, фізічным пападанні ў яго і перасоўванні па ім, карыстанні сэрвісамі і паслугамі. У такіх анкетах улічваліся не толькі колькасныя паказнікі фізічнага асяроддзя, але і характарыстыкі, якія складаней фармалізаваць: напрыклад, наяўнасць рэзкіх патэрнаў на паверхнях, падзейнае напаўненне месца (што і для каго адбываецца ў ім), або чытальнасць шрыфтаў. Вынікам стала даволі працяглая анкета з 230 пунктаў, падзеленных на такія рубрыкі як “Паркоўкі”, “Шляхі руху да аб’ектаў”, “Уваходы”, “Асноўныя памяшканні”, “Туалеты”, “Эвакуацыя”, “Экалогія”.

Абход ажыццяўляўся ў другой палове сакавіка 2019 года. Спіс месцаў, што ўдзельнічалі ў даследаванні, вызначаўся з дапамогай папярэдняга ўсталявання кантактаў паміж Галерэяй Ў і арганізацыямі, якія аказваюць публічныя паслугі на вуліцы. Стаўленне персаналу да даследавання на ўсіх яго этапах было станоўчае. Праверыць усе памяшканні ўсіх будынкаў на вуліцы было праблематычна, паколькі вялікая частка з іх — гэта прамысловыя тэрыторыі з прапускным рэжымам. Нас цікавілі месцы аказання паслуг, куды не толькі фізічна могуць трапіць, а і меюць прычыны трапляць людзі. У гэтым тэксце пазначэнне “Кастрычніцкая” датычыцца не ўсёй вуліцы паводле тапанімічнага крытэрыя, а яе часткі

Абследаваная частка вул. Кастрычніцкай з размешчанымi тут памяшканнямі

Падчас абходу мы задавалі персаналу лакацый пытанні пра сартаванне смецця, магчымасць скарыстацца шматразовым або сваім посудам, наяўнасць меню на англійскай мове, практыку камунікацыі з людзьмі без ведання рускай мовы,

Уключыць усе пункты ўсіх намі разгледжаных чэклістоў у рамках аднаго даследавання было немагчыма, таму перавага аддавалася пунктам, якія рэалістычна выканаць для невялікіх бізнэсаў, а таксама тым пунктам, якія знаходзіліся ў некалькіх чэклістах, то бок падаюцца важнымі для некалькіх сацыяльных групп. Паводле інтэрсекцыянальнага падыхода ўсе мы належым да некалькіх груп людзей адначасова; асабісты вопыт кожна_й фарміруецца ў сувязі з рознымі аспектамі ідэнтычнасці, а не з адным. Часам гэта значыць, што для асобнай групы не робіцца вычэрпнага даследавання, але ж для найбольшай часткі груп адбываецца мінімальнае паляпшэнне. Мы разглядаем даступнасць і прыязнасці як градыенты, дзе можна заўсёды імкнуцца да далейшага ўдасканалення.

Дадатковымі метадамі збору дадзеных былі анлайн-апытанне і тэст (актывіст, чалавек на вазку, Аляксандр Аўдзевіч пагадзіўся апрабаваць некалькі прастораў, а таксама праехаў з намі па частцы вуліцы). Задача апытання — выявіць асноўныя фінансавыя і не-фінасавыя фактары, якія дэматывуюць людзей прыходзіць на Кастрычніцкую, а таксама ўяўленні пра тое, якія месцы на вуліцы могуць зацікавіць дзяцей, пажылых і турыстаў. У апытанні паўдзельнічалі 297 анкет: 164 жанчыны, 127 мужчын, 8 гендерна не-бінарных, 3 транс* людзей. Узрост 75% апытаных — да 30 гадоў, 24% — ад 30 да 45.

На розных стадыях праекта калегі і знаёмыя запытваліся ў нас, чаму займацца вуліцай Кастрычніцкай, калі ў астатніх месцах яшчэ горш. Але ж і на Кастрычніцкай было выяўлена немала праблем. У сацыялогіі гэта завецца выбаркай экстрэмальнага выпадка — калі на Кастрычніцкай з чымсьці дрэнна, то з вельмі высокай ступеню верагоднасці ў астатніх месцах Мінска будзе яшчэ горш. У гэтай сувязі мы бачым патэнцыял кейса Кастрычніцкай для іншых лакацый і мясцовых супольнасцей Мінска/Беларусі.

Вынікі аўдыта

Цалкам анкета была запоўнена па 18 лакацыях, сярод якіх 13 можна аднесці да устаноў грамадскага харчавання (там можна набыць і спажыць ежу і/або напоі). Ніжэй прыведзена агульная характэрыстыка з дэталямі датычна базавых характэрыстык даступнасці, а таксама аналітычныя каментары і высновы. Поўная табліца анкетавання знаходзіцца ў матэрыялах праекта.


а) месцы

Базавая даступнасць

Большасць памяшканняў і падходаў да іх не адпаведаюць патрабаванням даступнасці для людзей з абмежаванай мабільнасцю. На Кастрычніцкай ёсць усяго 4 пандусы, пры гэтым кожны з іх мае канструктыўныя недахопы: у адных выпадках гэта адсутнасць поручняў і/або занадта вялікі вугал ухілу, у другіх перапад вышыні на стыкоўцы з тратуарам . Гэтак, падчас тэста наш кансультант, чалавек на вазку, Аляксандр Аўдзевіч, скаціўся з аднаго з гэтых пандусаў і стукнуўся аб пружыністую перагародку.

Самыя вялікія складанасці — з завядзеннямі, якія знаходзяцца ў вялізным корпусе 16/3: сюды практычна немагчыма пад’ехаць, цяжка трапіць унутр і тым больш падняцца па лесвіцы ў памяшканні, дзе адбываюцца мерапрыемствы. Адзначым, што менавіта тут праводзіцца шмат некамерцыйных мерапрыемстваў, важных для грамадскай супольнасці Мінску.

Амаль ува ўсіх уваходаў (ёсць толькі тры выключэнні) вузкія дзверныя праёмы шырынёй парадка 65-70 см, у якія ніяк не заедзе чалавек на вазку. Заніжаныя стойкі, якія былі б даступнымі для людзей нізкага росту (перад усім, дзяцей) і людзей на вазках, адсутнічаюць, хаця ў адным з завядзенняў барныя стойкі нават ужо маюць заніжаныя часткі, але тыя застаўлены халадзільнікамі-вітрынамі, і ўладальнікі не ведаюць, наколькі карыснымі яны могуць быць для ўразлівых груп.

Туалетаў, больш-менш прыстасаваных да патрэбаў людзей з інваліднасцю, на вуліцы ўсяго не болей за чатыры — ў астатнія чалавек на вазку проста не зможа заехаць з-за шырыні дзвярнога праёма. Агульная праблема назіраецца з недахопам туалетаў. Большасць новых месцаў грамадскага харчавання не абзаводзіцца сваімі прыбіральнямі. Як вынік, на адну прыбіральню выпадае ўсё больш наведнікаў і наведніц. Заўважым, што абсталяваныя для людзей з інваліднасцю туалеты большасць часу могуць таксама выкарыстоўваць усе наведвальнікі. Толькі 5 з 11 прыбіральняў мелі адпаведны надпіс або піктаграму, і толькі тры з іх пазначалі туалет “для ўсіх”.

Вуліца не прыставана для невідушчых: ніводнае з месцаў на Кастрычніцкай не мае шыльды на Браіле ці аўдыёменю. Тактыльнай пліткі на падыходах да месцаў няма.

Асобна зазначым, што нават пры фармальнай адпаведнасці аб’екта нарматывам скарыстацца ім бывае не так проста: элементарны тэст выклікае пытанні да тэкста саміх нарматыўных дакументаў. Акрамя гэтага, там, дзе элементы даступнасці абсталяваныя, узнікаюць праблемы з іх абслугоўваннем і выкарыстаннем — ствараць такія праблемы можа і публіка. У адной з лакацый (ОК16) прыбіральня абсталявана поручнямі, але поручні ў ёй увесь час замкнёныя замкамі, бо на ночных мерапрыемствах іх выломваюць. Заўважым, што дадзеная лакацыя прыклала высілкі для стварэння больш інклюзіўнага асяроддзя, але сутыкнулася з нечаканым выклікам — паводзінамі сваёй аўдыторыі. У другой лакацыі пра існаванне туалета, даступнага для людзей з інваліднасцю, не ведала нават мясцовая прыбіральніца, адпаведна, ён стаяў зачынены і не прыбіраўся; таксама на дзвярах гэтага туалета не было знакаў, якія бы паведамлялі пра яго характарыстыкі.

Іншыя праблемы

Мы выявілі шэраг іншых праблем акрамя неадпаведнасці памяшканняў і тэрыторый крытэрыям безбар’ернага асяроддзя. Мы ўмоўна сгрупавалі іх у рубрыцы “прыязнасць”: гэтыя праблемы непасрэдна фізічна не перашкаджаюць карыстанню сэрвісамі асобным групам, але супярэчаць іх поглядам, патрэбам ці ідэнтычнасцям, таму дэ факта выключаюць тых ці іншых людзей са сваёй аўдыторыі.

Асобнай значнай тэмай стала экапрыязнасць завядзенняў. Тэма шматразовага посуду сустракалася асабліва часта, як у апытаннях (людзі пісалі пра сваё жаданне ім карыстацца), так і ў аповядах персаналу завядзенняў (у тым ліку пра незадаволеных наведні_ц, якім яны былі вымушаныя адмовіць наліць каву ў свой кубак). Амаль палова завядзенняў харчавання не надаюць магчымасці абыйсьціся без аднаразовага посуду — ані магчымасці скарыстацца сваім посудам (напрыклад, для напояў). Пры гэтым асобны збор смецця, як наведні_цамі, так і самімі супрацоўні_цамі, наладжаны ўсяго ў двух месцах (але нават у іх няма навочнай інфармацыі пра правілы такога збора).

Поўная інфармацыя пра рэжым работы (назва, час адкрыцця і закрыцця, тып завядзення) — ёсць амаль ва ўсіх месцах. Добрае вырашэнне, якім карыстаюцца некалькі завядзенняў — інфармацыя, размешчанная на празрыстых дзверах, што дадаткова працуе як папярэджанне пра наяўнасць шкла.
Пазітыўным момантам стала тое, што амаль ва ўсіх завядзеннях ёсць бясплатна даступныя наведні_цам разеткі. Гэта добра не толькі для тых, хто хоча папрацаваць за ланчам, але і ў непрадбачаных сітуацыях (напрыклад калі Вы турыст_ка і згубіліся ў незнаёмым горадзе), а таксама ў тым ліку для зарадкі электрычных вазкоў (хоць іх у Беларусі пакуль мала).

Для завядзенняў вуліцы нехарактэрныя паверхні з патэрнамі, яскравы чырвоны колер ды награмаджэнне мэблі пасярод памяшкання — фактары стрэса для нейраатыповых людзей. Стрыманыя і мінімалістычныя інтэр’еры, якіх на Кастрычніцкай аказалася большасць (мы ўмоўна аднеслі да іх 15 з 18 інтэр’ераў) больш дружалюбныя і для пажылых ды хворых на эпілепсію людзей.

Даследуючы прыязнасць асяроддзя, мы сутыкаліся з тым, што нашыя эстэтычныя прэферэнцыі часам не супадалі з рэкамендацыямі экспертаў. Нетрывіяльныя схемы асвятлення, вынаходлівыя надпісы могуць быць сімпатычныя нам, могуць падавацца прыгожымі большасці карыстальнікаў і карыстальніц, але замінаць скарыстацца сэрвісам уразлівым сацыяльным групам (у выпадку з малачытальнымі шрыфтамі — людзям з аслабленым зрокам, пажылым, іншаземцам). Бывае і так, што экалагічнасць вырашэння канфліктуе з яго інклюзіўнасцю. Гэтак, грыфельныя дошкі больш экалагічныя, але рукапісныя надпісі на іх часта робяцца з завітушкамі, якія ўскладняюць чытанне.

Хаця Кастрычніцкую наведвае значная колькасць замежні_ц (турыста_к, іншаземных студэнта_к, удзельні_ц мерапрыемстваў на мясцовых пляцоўках), у тэкставай інфармацыі на вуліцы дагэтуль дамінуе руская мова. Меню на англійскай ёсць у шасці завядзеннях, але ў некаторых з іх даведацца пра яго наяўнасць можна толькі запытаўшыся пра гэта. Меню на беларускай мове ёсць пакуль што толькі ў трох завядзеннях вуліцы; часцей за ўсё беларуская выкарыстоўваецца ў назвах, але інфармацыйнай функцыі не выконвае. Гэтая сітуацыя звяртае на сябе ўвагу тым больш, што ў нашым анлайн-апытанні 65% (171 чалавек) абралі беларускамоўную версію апытання і прыкладна 90% з іх пісалі ў анкеце на беларускай мове (рускамоўная і беларускамоўная версіі апытання распаўсюджвалася сіметрычна пры дапамозе сацыяльных сетак і Тэлеграм-каналаў; абодва апытальніка пачыналіся са спасылкі адзін на другі). Гэта з аднаго боку можа ўскосна сведчыць пра большую актыўнасць беларускамоўнай часткі грамадства, але паддаецца і прасцейшай інтэрпрэтацыі: нават калі беларускую мову чутна на Кастрычніцкай даволі рэдка, шмат хто хацелі б, каб прынамсі ў тэкставай форме яе тут было больш.

б) вуліца

Праблемы вулічнага асяроддзя Кастрычніцкай яшчэ маштабнейшыя за праблемы памяшканняў. Гэта як сітуацыі, напрасткі злучаныя з нормамі бяспекі, так і недахопы, што робяць вуліцу менш прывабнай для перасоўвання экалагічнымі спосабамі і баўлення часу на ёй.

Даўжыня абследаванага кавалка Кастрычніцкай — прыкладна 650 метраў пры сярэдняй шырыні ў 15 метраў. Шырыня праезнай часткі на абследаваннай тэрыторыі прыблізна 11 метраў. Агульны стан асфальтавага пакрыцця вельмі дрэнны. На ім шмат трэшчын і ям, большасць з якіх ад 2 да 4 см ў дыяметры/адным з вымярэнняў. З гэтай прычыны людзі на вуліцы падаюць з ровараў, асабліва на трамвайных рэйках.

На вуліцы выразна пераважаюць аўтамабілі. Вялікі адсотак праезнай часткі (да 30 %) пастаянна запаркаваны, пры гэтым багажнікамі аўтамабілі навісаюць над пешаходнай часткай. Хаця фактычна вуліца Кастрычніцкая выкарыстоўваецца як shared space (супольная прастора), фармальна пешаходы пры выхадзе з тратуара аказваюцца па-за законам. Больш за тое, паводле аповедаў тых, хто працуе тут, перыядычна супрацоўнікі ДАІ штрафуюць за пераход у неналежным месцы.

Хуткасны рэжым на вуліцы — стандартны, то бок фармальна аўтамабілі могуць ездзіць па вуліцы на хуткасці 60 км/г. На ўсёй працягласці вуліцы няма светлафораў (адпаведна, пераход для людзей з інваліднасцю па зроку небязпечны), а на кавалку вуліцы ад трамвайнага кола да студгарадка усяго два пешаходных перахода. Дадамо таксама, што і светлафор у месцы з такім інтэнсіўным не-аўтамабільным рухам можа ствараць зманлівае пачуццё бязпекі, але не даваць рэальнага прыярытэту “безматоравым” удзельні_цам мабільнасці.

Пераходы і выхад з метро з тактыльнай пліткай (пазначаны блакiтным), а таксама пераходы без тактыльнай плiткі (пазначаны чырвоным) на абследаванай тэрыторыі.

Паніжаных бардзюраў амаль няма, а паніжаны пераход у Крышталя вядзе на “выспу” пасярод праезнай часткі, з якой нікуда не перайсьці. Там, дзе бардзюры непасрэдна замінаюць функцыянаванню завядзенняў (напрыклад, для разгрузкі прадуктаў), людзі вымушаны іх проста выбіваць.

Для чалавека на вазку многія недасканаласці пакрыцця, якія астатнія пешаходы могуць пераступіць або абыйсьці, ствараюць неабходнасць змяняць маршрут — але і такая магчымасць ёсць не заўсёды, асабліва калі да месца ўсяго адзін пад’езд. На абследаванні Аляксандр Аўдзевіч быў вымушаны пераадольваць асобныя часткі вуліцы на двух задніх колах свайго вазку — аднак такі навык маюць далёка не ўсе людзі на вазках. Людзям на вазках недаступна опцыя “перабегчы на другі бок у зручным месцы”, якой на практыцы карыстуюцца многія наведні_цы Кастрычніцкай.

Для чалавека на вазку маршрут з Лаўкі ў Хуліган пазначаны чырвоным.

Па ўсёй вуліцы няма тактыльных элементаў, адзіны нядоўгі фрагмент з тактыльнай пліткай вядзе ад прыпынка грамадскага транспарту па вул. Леніна да гасцініцы Willing. Сярод нешматлікіх элементаў тактыльнай пліткі не ўсе зробленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі. Неякасна зробленыя элементы безбар’ернага асяроддзя могуць у цэлым падвышаць небяспеку, ствараючы памылковае адчуванне бяспекі (гэтак, у адным з месцаў кантактная плітка абрэзаная трохкутнікам: намацаваўшы з тратуару пачатак яе, чалавек можа памылкова чакаць, што за ёй яшчэ будзе некалькі дзясяткаў сантыметраў бязпечнай пешаходнай прасторы)

Паводле апытання, трохі менш за палову (145 з 297) апытаных калі-небудзь карыстуюцца для прыезду на Кастрычніцкую аўтамабілем і таксі; выключна аўтамабілям прыязджаюць сюды толькі 59 чалавек, то бок 20 %. Пры гэтым на тратуары прыпадае прыкладна ў тры разы менш плошчы чым на праезную частку. Пры гэтым частка тратуараў занятая павільёнамі, роварнымі паркоўкамі, або ж вулічнай мэбляй. На Кастрычніцкай зусім няшмат месцаў для сядзення звонку памяшканняў. Апроч таго, менавіта на ходніках размяшчаюцца новыя зелёныя насаджэнні і вулічны арт (напрыклад, скульптура) — элементы, якія самі па сабе прыязныя, але ў дадзеным выпадку далей змяншаюць прастору пешаходнага руху. Пры гэтым наагул зеляніны — кветак, кустоў, дрэваў, насценнага азелянення — на Кастрычніцкай мала, нават у параўнанні з іншымі лакацыямі Мінска. Нарэшце, вельмі не хапае казыркоў, навесаў — месцаў, дзе можна ўкрыцца ад дажджу ці снегу.

Месцы на Кастрычніцкай, дзе можна сядзець па-за завядзеннямі ды ўстановамі.

Лепей сітуацыя з велапаркоўкамі (іх на вуліцы не меней за дзевяць), хаця была б аптымальнейшай большая іх колькасць пры меншым памеры аднай велапаркоўкі. Таксама ўсё большая колькасць завядзенняў (восем на момант абследавання) — у тым ліку амаль усе нядаўна адкрытыя — прадуглеждвае месца для дзіцячых вазкоў ўнутры памяшкання або непасрэдна каля ўваходу.

Навігацыя

Сістэма навігацыі на абследаванай тэрыторыі мае шматлікія праблемы. У Кастрычніцкай няма ні актуальнай інтэрактыўнай мапы, ні сайта гэтай прасторы. На самой вуліцы адсутнічае які-колечы інфармацыйны стэнд ці выява, дзе пад нумарамі былі б указаны размешчаныя тут завядзенні ды ўстановы. Выданне 34mag рабіла такую мапу ў 2016м годзеa, але з тых часоў на вуліцы зніклі адныя прасторы і з’явіліся другія. Сёння не ўсе лакацыі можна знайсьці на картах у Інтэрнэце. Кастрычніцкая патрабуе інтэрактыўнай інфармацыйнай інфраструктуры — бо гэта дынамічная прастора, і набор месцаў тут часта змяняецца. Друкаваныя версіі мапы могуць быць эстэтычна прывабнымі, але яны патрабуюць (акрамя расходу паперы) частага абнаўлення.

На мясцовасці на большасці будынкаў не ўказаны нумары, што пры складанай нумарацыі замінае незнаёмым з вуліцай людзям знайсьці патрэбнае месца. Некаторыя шыльды знаходзяцца ў нечаканых месцах, непрыкметных воку (напрыклад, над насценным малюнкам, які прыцягвае позірк на сябе). Нідзе на вуліцы не пазначаны праход да станцыі метро “Першамайская” — пра яго блізкасць новым наведнікам няма адкуль даведацца. У ОК16 вісіць знак трамвайнага прыпынку, але трамвай тут ужо некалькі год не ходзіць.

Бліжэйшыя да Кастрычніцкай прыпынкі грамадскага транспарту маюць станоўчыя моманты. На аўтобусных прыпынках ёсць расклады і схемы з прыпынкамі на маршрутах. Большасць рухомага складу па маршрутах, што праходзяць тут — нізкападлогавыя. На выхадах са станцыі метро “Першамайская” пакладзеная тактыльная плітка. Але пры гэтым на самой вуліцы грамадскі транспарт адсутнічае. У апытанні ў каментарах многія выражалі прыкрасць ад таго, што з вуліцы знік трамвай.

Высновы

У цэлым вуліца Кастрычніцкая — ні памяшканні на ёй, ні ўласна вулічная прастора — не адпавядае крытэрыям безбар’ернага асяроддзя. Для чалавека на вазку або з парушэннямі зроку ці слыху, які вырашыць прабавіць тут вечар, гэта стане небязпечнай прыгодай і запатрабуе чужой дапамогі. Асабліва праблематычнымі сталіся арыентаванне, шляхі руху да аб’ектаў і ўваходы ў памяшканні, інфармацыйныя элементы на месцах.

Прастора паміж завядзеннямі, то бок “уласна вуліца” дагэтуль успрымаецца як нічыйная і патрабуе вызначэння статусу. Тут безумоўна патрэбны прыярытэт для пешаходаў і людзей на роварах, скейтах, самакатах і іншых нематорных сродках перасоўвання, а таксама абмежаванне хуткасці.

У той жа час, ува многіх асобных завядзенняў за апошнія два гады з’явіліся элементы безбар’ернага асяроддзя. Яны пакуль не злучаныя паміж сабой бяспечным маршрутам, але дэманструюць, што ўладальнікі і дызайнеры прызнаюць прыязнасць актуальнай тэмай. Некалькі больш станоўчая карціна складваецца па велапаркоўках, разетках, інтэр’ерах, інфармацыі на англійскай мове ў завядзеннях. Вуліца ўсё больш гатовая прыняць турыста_к, наведні_ц з дзецьмі, вегетарыян_ак.

Кастрычніцкая, хаця і ўспрымаецца гараджанамі як нешта цэльнае, не мае супольнай інфраструктуры — ні інфармацыйнай, ні навігацыйнай, ні арганізацыйнай. У мясцовай супольнасці Кастрычніцкай няма звода правіл, кодэкса, хаця б нефармальнага (накшталт Канстытуцыі, створанай для Рэспублікі Ужупіс у Вільнюсе). Адпаведна, Кастрычніцкая дэманструе “выспавую” прыязнасць: у кожным завядзенні па сваіх правілах. Супольнае абмеркаванне належных стандартаў інклюзіі, роўнасці і прыязнасці пачалося толькі падчас трэнінгаў у рамках праекта.

Замест рэкамендацый

Рэкамендацыі, як правіла, выдаюцца правяральнымі інстанцыямі і даўнімаюць іерахічныя адносіны з праверанымі. Мы праводзілі не проста даследаванне вуліцы, але даследаванне разам з самой вуліцай, з тымі, хто тут дзейнічае. Таму замест прадпісанняў мы прывядзем тут асноўныя думкі датычна магчымых дзеяў дзеля недыскрымінацыйнай Кастрычніцкай.

Многія задачы можна вырашыць шляхам кааперацыі паміж суседзямі: так, вываз смецця, дабраўпарадкаванне тэрыторыі, прыбіранне лягчэй арганізаваць тром-чатыром завядзенням. Гэта, безумоўна, патрабуе ад бізнэсаў пэўнай гнуткасці і дадатковай камунікацыі адно з адным — і гэта адна з прычын, чаму праект “Усё ўключана | Усе ўключаныя” ставіць сваёй мэтай стварэнне на Кастрычніцкай лакальнага кам’юніці з інфраструктурай для камфортнай камунікацыі.

Не ўсе задачы па ператварэнні Кастрычніцкай у вуліцу без дыскрымінацыі можна і варта перакласці на плечы мясцовых актараў. Большасць з іх — гэта малыя і сярэднія бізнэсы, для якіх укладанні ў той жа пандус могуць быць даволі адчувальным пунктам бюджэту. Намаганні мясцовых актараў стварыць прыязнейшае асяроддзе законныя, і гэтаксама законныя звароты да дзяржаўных органаў па дапамогу альбо вырашэнне праблемы. Укараненне універсальнага дызайна прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 334 ад 5 верасня 2016 г. (гл. Спасылкі). Таму сёння мае сэнс і законную падставу удзел у пераўтварэнні Кастрычніцкай у вуліцу без дыскрымінацыі адміністрацыі горада ці раёна. Сродкі на добраўпарадкаванне ў горадзе так ці іначай выдаткоўваюцца, але рэалізуюцца тыповыя праекты, якія не ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай вуліцы. Кастрычніцкая — унікальная вуліца, і адпаведна патрабуе асаблівых рэкамендацый, і асобны праект для яе мае значна больш шанцаў на любоў гараджан і іхняе беражлівае стаўленне.

Маленькія крокі да даступнасці і жэсты прыязнасці часцяком па сілах нават невялікаму бізнэсу. Прыклады тут — шыльды са шрыфтам Брайля або меню з выявамі страў: яны проста рэалізуюцца і вырашаюць праблемы для іншаземцаў, людзей з парушэннямі слыху і маўлення. Пры гэтым Кастрычніцкай бракуе сістэмы камунікацыі дружалюбнасці — напрыклад, набора стыкераў, якія паведамлялі бы пра тыя ці іншыя віды даступнасці канкрэтнага месца. Асобныя захады патрэбныя для распаўсюду інфармацыі пра змены сярод зацікаўленых уразлівых груп. Сёння яны, як правіла, не разглядаюць Кастрычніцкую як даступную і не сочаць за яе навінамі, нават калі хацелі б яе наведваць. Каб змяненні сапраўды радавалі тых, каму яны прызваны дамапагчы, варта кансультавацца не толькі з нарматывамі і тэкстамі, а і патэнцыйнымі з карыстальні_цамі, у тым ліку праз тэставанне.

Кастрычніцкая ў цэлым ужо сутыкаецца з дэфіцытам плошчы, і, верагодна, гэты дэфіцыт будзе толькі ўзрастаць. Адначасова, аўдыторыя Кастрычніцкай ўсё больш дыверсіфікуецца па ўзросце. Таму патэнцыял тут мае сумяшчэнне функцый адной прасторы, і да гэтага метаду ўсё часцей звяртаюцца ў сучасным гарадскім планаванні. Напрыклад, дзіцячая пляцоўка робіцца побач з лаўкамі і зацененым зелянінай месцам для пажылых. Функцыі прасторы могуць таксама размяркоўвацца па часе: тут можа быць дзіцячая пляцоўка, а ўвечары — тусовачнае месца. Адзначым, што большасць з магчымых пераўтварэнняў Кастрычніцкай значна ўскладняецца яе бягучай аўтамабілізаванасцю — аўтамабілі не толькі займаюць вялікую колькасць дэфіцытнай плошчы, але і займаюць яе эксклюзіўна ды ствараюць небяспеку для астатніх удзельні_ц мабільнасці.

Далейшы лёс праекта «Кастрычніцкая: Усё ўключана | Усе ўключаныя» залежыць ад многіх фактараў, сярод якіх — гатоўнасць адміністрацыі раёна і горада супрацоўнічаць з ініцыятарамі праекта дзеля індывідуалізаваных трансфармацый вуліцы; прыход новых уладальнікаў, а мабыць і змена аўдыторыі. Аднак некалькі абставін дазваляюць нам спадзявацца на пазітыўныя змены. Сіламі Галерэі Ў створана віртуальная пляцоўка для камунікацыі паміж тымі, хто абітае на Кастрычніцкай. У рамках фестываля Вуліца Бразіл 2019 Мінская урбаністычная платформа супольна з арганізатарамі распрацоўвае прапановы па занаванні тэрыторый і сістэме навігацыі. Паводле інфармацыі ад Мінскага роварнага таварыства, чакаюцца змены ў Правілах дарожнага руху, якія дазволяць прыстасоўваць хуткасны рэжым на беларускіх вуліцах да патрэб пешаходаў і раварыстаў. У планах супольнасці неабыякавых пасажыраў Мінска застаецца прапаноўваць сетку начных маршрутаў грамадскага транспарту з пакрыццём вул. Кастрычніцкай. Мы запрашаем усіх актыўна выражаць сваю зацікаўленасць у змяненні вуліцы, прапаноўваць новыя калабарацыі і далучацца да існуючых, каб праект «Кастрычніцкая: Усё ўключана | Усе ўключаныя» стаў толькі пачаткам працы дзеля недыскрымінацыйнасці, інклюзіі ды прыязнасці Мінска.


Загалоўнае фота: Таня Капітонава, 34mag

Спасылкі (доступ станам на 15.06.2019)

AusAID, Accessibility Design Guide: Universal design principles for Australia’s aid program, January 2013, Registration Number 13 https://dfat.gov.au/about-us/publications/Documents/accessibility-design-guide.pdf

Gill,Tim. Rethinking childhood. Blog https://rethinkingchildhood.com/category/public-space/

Henry, Shawn Lawton. Just ask: integrating accessibility throughout design. Lulu.com, 2007.
http://www.uiaccess.com/accessucd/

How to design a functional Senior Park?
https://www.lappset.com/News-and-updates/Blogs-and-articles/Designing-a-Senior-Park

How to Make Senior Friendly Public Spaces, Sarah Stevenson
https://www.aplaceformom.com/blog/6-8-15-senior-friendly-public-spaces/

How to make your event autism-friendly, part 3: cognitive needs
https://autisticality.com/tag/how-to-make-your-event-autism-friendly/

Lessons from Good Practices to Guide Universal Design Toolkits, National Disability Authority, Ireland. http://universaldesign.ie/Products-Services/Customer-Engagement-in-Tourism-Services/Lessons-from-Good-Practices-to-Guide-Universal-Design-Toolkits.pdf

Matusiak, Manar. How to create an autism-friendly environment
https://livingautism.com/create-autism-friendly-environment/

Serving a Deaf or Hard of Hearing Customer? Five Customer Service Fails July 16, 2013
http://www.deaffriendly.com/articles/serving-a-deaf-or-hard-of-hearing-customer-five-customer-service-fails/

Simpson, Stephen. Checklist for Autism-Friendly Environments. 2015 https://www.southwestyorkshire.nhs.uk/wp-content/uploads/2014/10/Checklist-for-autism-friendly-environments.pdf

Universal Design Guide for Inclusive Tourism PARSA | parsa.ge Eurasia Partnership Foundation | epfound.ge Universal Design Partners | universaldesign.org
http://www.keroul.qc.ca/DATA/PRATIQUEDOCUMENT/136_fr.pdf

Безбарьерная среда жизнедеятельности физически ослабленных лиц Гомель, 2015. Составители: Золотарев Г.Г., Бауманис С.Б.
http://gomel-region.by/uploads/files/bezbarjernaja-sreda-2015.pdf

Доступность среды для людей с инвалидностью и маломобильных групп населения. Руководство центров государственных услуг “Мои документы” г. Москвы https://md.mos.ru/about/the-list-of-services-option-2/persons-with-disabilities/Disabled%20People_Guide_MD%2006.09.16.pdf

Методические рекомендации по определению доступности объектов и адаптации услуг, предоставляемых населению, с учетом особых потребностей инвалидов (Минск, 2018)
http://berestovitsa.grodno-region.by/uploads/files/Metodicheskie-rekomendatsii-po-opredeleniju-dostupnosti-objektov.pdf

Музеям — от реабилитологов http://rehacomp.ru/services/indevelop/musium/pagesprof.html

Об утверждении Основных направлений государственной градостроительной политики Республики Беларусь на 2016–2020 годы. Указ Президента Республики Беларусь № 334 от 5 сентября 2016 г.

Основы формирования доступной среды для инвалидов. Иллюстрированное справочное пособие. Министерство социальных отношений Челябинской области. Исп. Мосейчук Анна Викторовна. Челябинск 2014
http://unatlib.ru/images/librarians/resources/method-recomend/osobyje-kategorii/v_02/09_osnovy_formirovaniya_dostupnoj_sredya_dlya_invalidov.pdf