Кавалкі колішніх прамысловых зон, раз’яднаная малапавярховая забудова, гарадскі ландшафт у заняпадзе прысутнічаюць амаль у кожным буйным горадзе. Такія ўнутрыгарадскія тэрыторыі маюць велізарны патэнцыял для мадэрнізацыі. Працэсы і прынцыпы, што ўжываліся пры горадабудаўнічай рэканструкцыі і стварэнні новых гарадскіх цэнтраў у Нідэрландах будуць разгледжаны падчас лекцыі.

Адначасна будуць разгледжаны механізмы архітэктурна-эстэтычнага кантролю ва ўмовах рынкавай эканомікі, якія першапачаткова закладаюцца ў горадабудаўнічыя праекты дзеля стварэння якаснага гарадскога асяроддзя.

Алена Уласава скончыла архітэктурны факультэт (цяпер БНТУ) у 2002 годзе. Ужо ўва ўніверсітэцкія гады пачала цікавіцца рэканструкцыяй тэрыторый і стварэннем паўнавартаснага гарадскога асяроддзя. Ейная дыпломная праца на тэму Сусветнай выставы ў славянскім рэгіёне заняла першае месца ў міжнародным конкурсе дыпломных прац. Пад час навучання Алена актыўна ўдзельнічала ў конкурсах, кіравала Беларускай асацыяцыяй студэнтаў-архітэктараў.

Досвед Алены ўлучае больш за 15 год практычнай працы ў Нідэрландах над праектамі ў галіне аховы здароўя, жытла і адукацыі, распрацоўку культурных і шматфункцыйных будынкаў і іх інтэграцыі ў гарадское асяроддзе, а таксама —
даследаванні патэнцыялу тэрыторый і іх прасторава-планавальных ператварэнняў.

Алена скончыла магістратуру па архітэктуры ў Marc. Акадэміі Архітэктуры Амстэрдама, Нідэрланды; атрымала ступень магістаркі урбаністыкі Архітэктурнай Асацыяцыі Лондана, Вялікабрытанія.

З’яўляецца сяброўкай Звязу Архітэктараў Нідэрландаў і Нідэрландскай арганізацыі па рэгіянальным развіцці «Дэльта Метраполь»; супрацоўніца Інавацыйнага Цэнтра і кансультантка па міжнародных сувязях ЦНДІП Горадабудаўніцтва.

Лекция прошла в рамках Минского урбанистического форума 2017.