Саша Ігнатовіч

Лакалізаваныя альтэрнатывы індустрыі харчавання могуць разглядацца як мадэлі супраціву капіталістычнай неаліберальнай арганізацыіі ўрбаністычнай прасторы, паколькі яны ствараюць прастору абмеркавання і перагляду ўмоваў «прагрэсу» і сацыяльнай змены. Ініцыятывы па пермакультуры ў горадзе, камунальным і партызанскім агародніцтве і харчаванні, акцыі «Ежа замест бомб» з’яўляюцца прыкладам функцыянавання сеціва гарадскіх узаемавыгадных гарызантальных адносінаў, якія ўяўляюць сабой мадэль уключанага ўдзелу розных груп гараджан у аспрэчванні сучасных форм выкарыстання, мэнэджменту і валодання гарадской прасторай. Дадзеныя адносіны таксама прадстаўляюць магчымасць для «перароблівання ўрбаністычнага ландшафту і эксперыментаў з радыкальнымі альтэрнатывамі капіталістычнай неаліберальнай арганізацыі гарадскога жыцця».

Колькасць і варыятыўнасць форм гарадскога актывізму, які так альбо інакш мае справу з вытворчасцю, дыстрыбуцыяй і пераразмеркаваннем прадуктаў харчавання, значна ўзраслі за апошнія два дзесяцігоддзі ў розных краінах свету: ад Паўночна-Амерыканскіх і Заходне-Еўрапейскіх краін да Азіі, Акіяніі, Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Ініцыятывы па гарадскім камунальным агародніцтве і пермакультуры, адукацыйныя праграмы для дзяцей па вырошчванні раслін і прыгатаванні ежы, арганізацыя банкаў насення і мабільныя пчалярскія сістэмы трапілі ў зону ўвагі не толькі нізавых актывістаў антыкапіталістычных сацыяльных рухаў, але і дастаткова вялікіх інстытуцыяналізаваных структур.

Дзякуючы гэтаму, праекты такога кшталту атрымліваюць фінансавую і рэсурсавую інстытуцыянальную падтрымку ў шэрагу Заходне-Еўрапейскіх краін. Тым не менш, прынцыпы арганізацыі інстытуцыянальных праектаў значна адрозніваюцца ад тых, якія ініцыююцца гарадскімі актывістамі і актывісткамі. У большасці выпадкаў ініцыятывы першага тыпу маюць тэндэнцыю да ўключэння камадыфікаваных версій практык гарадскога земляробства і (пера)размеркавання прадуктаў харчавання, чым падтрымліваюць сацыяльна-экалагічнае выключэнне. Менавіта таму пры аналізе гарадскіх ініцыятыў, у розных сэнсах звязаных з прадуктамі харчавання, неабходна ўлічваць, якім чынам матэрыяльныя рэсурсы і культурніцкія кантэксты вызначаюць фармат праектаў.

Асноўнымі пытаннямі такога крытычнага і рэфлексіўнага аналізу могуць быць наступныя: наколькі доступ да гарадскіх тэрыторый, якія выкарыстоўваюцца для вырошчвання прадуктаў харчавання, гарантаваны для розных гараджан; ці прадухільвае мэнэджмент такіх ініцыятыў з’яўленне новых форм гентрыфікацыі і адасобленасці, ці адпавядаюць такія праекты інтарэсам гараджан і ці маюць яны магчымасць прымаць рашэнні па функцыяванні гэтых прастораў? Маючы на ўвазе магчымыя абмежаванні дадзеных стратэгій гарадскога актывізму, можна стварыць магчымасці для альтэрнатыўнага прадукавання месцаў, утварэння і развіцця гарадскіх супольнасцяў, а таксама спрыяць зменам спажывецкіх патэрнаў сярод гараджан.

Калі задумацца пра магчымасць выкарыстання тактык гарадскога агародніцтва і (пера)размеркавання ежы ў кантэксце Беларусі, найбольш прадуктыўным будзе звярнуцца да вопыту Славеніі і іншых краін былой Югаславіі, паколькі, на маю думку, сацыяльны і культурніцкі вопыт развіцця гарадскіх ініцыятыў у дадзеных краінах (дапускаючы генералізацыю вялікай ступені) значна больш блізкі да беларускага, чым заходнееўрапейскі альбо паўночнаамерыканскі. Я хацела б засяродзіцца на прыкладзе некалькіх актывісцкіх ініцыятыў у сталіцы Славеніі, Любляне, паколькі цягам 2014 г. мела магчымасць шчыльнага знаёмства з імі падчас здымак дакументальнага фільма пра анархісцкі рух у Славеніі.

На дадзены момант у Любляне функцыянуюць два аўтаномныя гарадскія культурніцка-сацыяльныя цэнтры — Горад Мяцелькава (Metelkova Mesto) і Завод Рог (Tovarna Rog), размешчаныя ў цэнтры сталіцы. У 1993 г. незалежныя мастакі і актывісты, якія называлі сябе Сеціва альбо Камітэт дзеяння Мяцелькава, занялі (акупавалі) закінутыя ваенныя баракі, якія размяшчаліся ў цэнтры Любляны. На тэрыторыі Горада Мяцелькава размешчаныя мастацкія галерэі, бары/начныя клубы, студыі незалежных мастакоў, офісы культурніцкіх арганізацый, Інфашоп, ЛГБТ-клуб, хостэл. Рашэнні аб функцыянаванні Мяцелькава прымаюцца Камітэтам, які складаецца з прадстаўнікоў груп, што месцяцца ў Цэнтры. Камітэт абапіраецца на прынцыпы самаарганізацыі, гарызантальнасці і ўключанасці.

Нягледзячы на нарастаючую камерцыялізацыю асобных пляцовак, Мяцелькава застаецца прасторай альтэрнатыўных і аўтаномных практык і гарадскога супраціву дзяржаўным інстытуцыям. Адметна, што праблемныя аспекты развіцця і функцыянавання Цэнтра прадстаўнікі кам’юніці абмяркоўваюць на агульных сходах Камітэта і ў больш шырокім складзе, спрабуючы знайсці кансэнсус паміж адрознымі (даволі часта ў значнай ступені) меркаваннямі, поглядамі і варыянтамі стратэгій дзеяння. Менавіта дыялог паміж прадстаўнікамі розных груп дазваляе Мяцелькаву заставацца прасторай інклюзіўнасці і аўтаноміі.

Да сацыяльнай і экалагічнай справядлівасці праз страўнік: анархісцкія акцыі «Ежа замест бомб» у Мяцелькаве

Штотыдзень цягам цёплага перыяду года на базе клуба «Jalla Jalla» ладзіцца акцыя «Ежа замест бомб» (Food Not Bombs, скарочана FNB). Клуб пазіцыянуецца як альтэрнатыўнае месца сустрэч, арганізаванае групай моладзі на прынцыпах DIY (do-it-yourself, зрабі сам/а). Ініцыятаркамі і асноўнымі арганізатаркамі акцый FNB з’яўляюцца прадстаўніцы антыфашысцкага і анархісцкага кам’юніці. Разам з іншымі актывістамі і актывісткамі яны гатуюць цёплыя веганскія стравы, прадукты для якіх збіраюць на рынку, атрымліваюць з камунальнага агарода альбо пры неабходнасці набываюць у крамах за грошы, сабраныя на саміх акцыях у выглядзе добраахвотных унёскаў.

Важным элементам акцый «Ежа замест бомб» з’яўляецца збор на гарадскім рынку садавіны і агародніны, якая была б выкінутая ў іншым выпадку. З аднаго боку, гэтая практыка артыкулюе рэальную магчымасць пераразмеркавання ежы, а з другога — ставіць пад пытанне спажывецкія патэрны гараджан, абумоўленыя капіталістычнай індустрыяй харчавання. Праз камунікацыю з гандлярамі актывісткі акцыі спрабуюць заангажаваць іх у ініцыятывы па камунальным харчаванні, сустрэчы альтэрнатыўнага рынку, абмен насеннем, запрасіць да ўдзелу ў іншых актыўнасцях Мяцелькава. Кожны тыдзень актывісты і актывісткі разам гатуюць розныя стравы, падбіраючы найбольш простыя і адначасова пажыўныя варыянты цёплай веганскай ежы. Тым самым яны дэманструюць дасяжнасць бюджэтнага харчавання, якое абыходзіць выкарыстанне прадуктаў жывёлагадоўлі і залежнасць ад буйных прамысловых інстытуцый.

Асноўная мэта акцый «Ежа замест бомб» — прадаставіць доступ да цёплай ежы тым, хто не мае магчымасці здабыць яе самастойна, а разам з гэтым — звярнуць увагу на праблемы сацыяльнай і экалагічнай справядлівасці, паставіць пад пытанне размеркаванне рэсурсаў у сучасным свеце і артыкуляваць антымілітарысцкую пазіцыю.

Даволі важным аспектам акцый з’яўляецца іх лакалізацыя ў Мяцелькаве, бо згодна славенскаму заканадаўству (гэтаксама, як і беларускаму), дыстрыбуцыя прыгатаванай ежы можа адбывацца толькі па ліцэнзіі, атрыманай ад кампетэнтнай дзяржаўнай інстытуцыі. Такім чынам, з аднаго боку, акцыі FNB ставяць пад пытанне інстытуцыянальны кантроль за практыкамі прыгатавання, дыстрыбуцыі і спажывання ежы ў гарадской прасторы, а з іншага — прапаноўваюць альтэрнатыву індустрыі харчавання, якая прасоўвае і падтрымлівае ідэі экспертнасці і прэстыжнасці як неад’емнай умовы якаснага харчавання. Праз гэтыя практыкі абстрактныя ідэалагічныя канструкты набываюць рэальнае вымярэнне і лакалізуюцца ў пэўнай гарадской прасторы.

Аднак у той жа час правядзенне акцый у Мяцелькаве робіць іх менш дасяжнымі для незнаёмых з субкультурным жыццём Любляны гараджан. Акрамя гэтага негатыўны імідж Мяцелькава, які ствараецца мэйнстрымавымі медыя ў спробе спрыяць працэсу пазбаўлення тэрыторыі яе аўтаномнасці ад гарадскіх і камерцыйных устаноў, гэтаксама становіцца перашкодай для ўключэння ў ініцыятывы па камунальным харчаванні большага кола людзей.

Салідарнасць, роўнасць, узаемадапамога на талерцы: веганскія вячэры на Заводзе Рог

Найноўшая гісторыя Завода Рог як камунальнай прасторы пачалася ў 2006 г., калі шэраг гарадскіх, сацыяльных, культурніцкіх актывістаў і незалежных мастакоў абвясцілі аб адкрыцці пляцовак закінутага роварнага завода для часовага выкарыстання. На сённяшні дзень Рог з’яўляецца сацыяльным цэнтрам з канцэртнай пляцоўкай, скейт-паркам, прасторай для імправізаваных студый, гарадскім міні-гародам, памяшканнямі для сустрэч гарадскіх актывістаў, майстэрняй для ровараў і іншымі элементамі DIY інфраструктуры. Мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Цэнтры накіраваныя на пашырэнне і прамоцыю антыкапіталістычных, антырасісцкіх і антыдыскрымінацыйных ідэй. Ініцыятарамі выступаюць актывісты і актывісткі фемінісцкага і ЛГБТ-рухаў, прадстаўнікі антыфашысцкай і анархісцкай супольнасцяў, актыўныя гараджане, якія шукаюць альтэрнатывы нарматыўнай сацыяльнай структуры, якая пазбаўляе ўсіх адрозных («маргінальных») індывідаў ад магчымасці ўдзелу ў прыняцці рашэнняў аб уладкаванні гарадской прасторы і сацыяльнага жыцця.

Амаль кожны чацвер у Заводзе Рог ладзіцца веганская вячэра, унёскі з якой ідуць на канкрэтныя патрэбы супольнасці альбо прысвечаныя пэўным асобам. Так унёскі, сабраныя з вячэры 28 траўня гэтага года, скіраваныя на дапамогу Рычарду, мігранту з Конга, каб ён мог перавезці сваю сям’ю у Славенію (бо кожны чалец сям’і мігранта абкладаецца «уязным» падаткам). Кожная вячэра прысвечаная пэўнай тэматыцы і суправаджаецца дыскусіяй, праглядам фільма, канцэртам альбо іншай культурніцкай актыўнасцю. Так наведвальнікі Рога ў траўні гэтага года абмяркоўвалі фракінг (гідраўлічны разрыў пласта глебы для здабычы нафты і газу), расізм і гамафобію ў футболе, альтэрнатыўныя медыя, межы Еўразвязу і міграцыйную палітыку. Вынікам такіх дыскусій даволі часта становяцца грамадзянскія акцыі пратэсту супраць пэўных рашэнняў, якія прымаюцца без удзелу грамадскасці і не адпавядаюць яе інтарэсам. Такім чынам тое, чым дзеляцца наведвальнікі веганскіх вячэр, гэта не толькі ежа, але і розны сацыяльны і актывісцкі вопыт і веды, якія ствараюць падставы для салідарызацыі і эмпатыі, а таксама ўтвараюць гарадскую прастору для рэалізацыі дадзеных сацыяльных практык. Як бачна, у працэсе камунальнага прыгатавання і спажывання ежы адбываецца фармаванне супольнасці людзей, заснаванай на прынцыпах салідарнасці, роўнасці і ўзаемадапамогі.

У пошуках практычных альтэрнатыў капіталістычнай індустрыі харчавання: урбаністычна-аграрная платформа «Zadruga Urbana» («Гарадскі кааператыў»)

Як ужо было адзначана вышэй, прадукты для акцый «Ежа замест бомб» і веганскіх вячэр па магчымасці падаюцца з камунальных агародаў, якія падтрымліваюцца ў супрацы рознымі групамі актывістаў. Сярод ініцыятараў утварэння агародаў, акрамя актывістак акцый «Ежа замест бомб», былі прадстаўнікі і прадстаўніцы групы актывістаў «Zadruga Urbana» («Гарадскі кааператыў»), прадстаўнікі і прадстаўніцы іншых гарадскіх/актывісцкіх ініцыятыў і неангажаваныя актыўныя гараджане, узрост якіх, дарэчы, даволі адрозны: гэта і моладзь, і сталыя людзі — што выдатным чынам аспрэчвае стэрэатыпнае меркаванне, нібы ідэі салідарнасці, камунальнасці, экалагічнасці і прамога дзеяння падтрымлівае ў асноўным студэнцтва. Але ў беларускім кантэксце значнасць набывае якраз адваротны фактар: не толькі людзі сталага ўзросту цікавяцца камунальным агародніцтвам, і розныя пакаленні гараджан мусяць мець магчымасць сумеснага ўдзелу ў вытворчасці гарадской прасторы.

Група «Гарадскі кааператыў» увасабляе ідэю ўрбаністычна-аграрнай платформы, якая імкнецца злучыць калектывы і індывідаў з мэтай узмацнення самадастатковасці праз прамое дзеянне. Апрoч іншых актыўнасцей чальцы групы займаюцца агародніцтвам на занятых тэрыторыях горада. У большасці выпадкаў актывісты пачынаюць апрацоўваць зямлю без папярэдняга ўзгаднення з муніцыпалітэтам альбо ўласнікамі зямлі. Дзейнасць калектыва засноўваецца на агульных прынцыпах гарызантальнасці, аўтаноміі і самаарганізацыі. Праз свае акцыі ўдзельнікі кааператыва спрабуюць аб’яднаць гараджан і разнастайныя калектывы ў неіерархізаваную супольнасць, каб прасоўваць ідэі гарадскога земляробства і свабоднага доступу да гарадской зямлі.

Апроч непасрэдна агародаў, працуюць на якіх усе прадстаўнікі групы, «Zadruga Urbana» сумесна з іншымі калектывамі арганізуе разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне сувязей паміж рознымі гараджанамі і прамоцыю ідэй альтэрнатыўнага земляробства і харчавання. Сярод ініцыятыў кааператыва лекцыі і воркшопы па пермакультуры, партызанскім агародніцтве, кампаставанні, пчалярстве; фармаванне і захаванне банка насення (пераважна арганічнага насення); альтэрнатыўныя рынкі ежы (у Мяцелькаве), дзе ўдзельнікі могуць абменьвацца сваёй садавінай, агароднінай, мёдам, высадкамі і насеннем, а таксама без усялякіх надбавак набываць прадукты непасрэдна ў лакальных агароднікаў.

Усе мерапрыемствы кааператыва бясплатныя для наведвання і функцыянуюць па прынцыпах ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў. Далучыцца да калектыва можа любы/ая ахвотны/ая, галоўнае — падзяляць асноўныя прынцыпы супольнасці. Праз сваю дзейнасць удзельнікі калектыва імкнуцца пераасэнсаваць «права на горад» і пашырыць кола прыхільнікаў антыкапіталістычных, антырасісцкіх, антысэксісцкіх і антыфашысцкіх ідэй. Крэда «Гарадскога кааператыва» — «ад тэорыі да практыкі», што адлюстроўвае інтэграцыю гарадскімі актывістамі ў сваю дзейнасць тэарэтычных аспектаў крытычнага ўрабнізму і канцэптуалізацыю сваёй дзейнасці праз злучэнне акадэміі і актывізму. Такая стратэгія дазваляе актывістам выпрацоўваць (радыкальныя) альтэрнатывы капіталістычнай неаліберальнай мадэлі арганізацыі гарадскога жыцця.

Гарадскія ініцыятывы актывістаў антыкапіталістычнага, антынеаліберальнага рухаў у Любляне ўяўляюць сабой практычную рэалізацыю прынцыпаў гарызантальнасці замест іерархічнасці і стратыфікацыі, роўнасці і ўключанасці замест маргіналізацыі і дыскрымінацыі, салідарнасці замест раз’яднанасці і індывідуалізацыі. Кожная з ініцыятыў прапаноўвае альтэрнатыўныя шляхі вытворчасці, дыстрыбуцыі і спажывання ежы і ставіць пад пытанне спажывецкія прыярытэты і практыкі сучаснага горада. Гарантыяй поспеху з’яўляецца разуменне не-іерархічнага і рэфлексіўнага падыходу да гарадскога актывізму як неабходнасці.

Ці ядомы ўрбанізм у Беларусі?

Гісторыя гарадскіх актывісцкіх ініцыятыў па камунальным харчаванні і бясплатнай раздачы ежы ў Беларусі даволі працяглая, хоць і малавядомая. Практыкі сумеснага харчавання даволі моцна звязаныя з новым пакаленнем антыфашыскіх і анархісцкіх супольнасцей, прадстаўнікі якіх пачалі ініцыяваць раздачу цёплай веганскай ежы ў гарадской прасторы напачатку 2000-х. Альтэрнатыўныя супольнасці ў Беларусі заўсёды знаходзіліся пад пільнай інстытуцыянальнай увагай, і на сённяшні дзень актывісты «Ежа замест бомб» даволі частка сустракаюць супрацьдзеянне з боку міліцыі. Ініцыятывы па камунальным гарадскім агародніцтве і харчаванні ўвогуле сустракаюць шэраг сістэмных абмежаванняў. Апроч таго, што актывісты руху «Ежа замест бомб» сістэматычна пераследуюцца дзяржаўнымі органамі, іншыя ініцыятывы па бясплатным камунальным харчаванні адсутнічаюць (калі не лічыць сустрэчы ў Храме Свядомасці Крышны), а праект камунальнага міні-агарода ў межах праекту «Альтэрнатыўны двор», ініцыяванага ў выніку воркшопа «Эксперыменты са шчасцем» падчас трэцяга Мінскага архітэктурнага форуму, не сустрэў зацікаўленасці з боку гараджан (жыхароў двара).

Нягледзячы на структурныя абмежаванні, актывісты і актывісткі працягваюць працу над разнастайнымі гарадскімі ініцыятывамі. Тым не менш, у даволі значнай ступені праектам не стае ўзаемадзення і супрацы прадстаўнікоў розных груп і арганізацый, што выклікана адрозненнямі ў поглядах, сацыяльным і актывісцкім вопыце і ідэалагічных усталёўках. Спробы наладзіць дыялог паміж рознымі (не)фармальнымі групамі, актыўнымі ў гарадскім актывізме, былі зробленыя надоечы Мінскай урбаністычнай платформай і арганізатарамі Мінскага архітэктурнага форуму. Усе ўзгаданыя групы функцыянуюць і працуюць пераважна з прасторай Мінска, таму ў пэўным сэнсе гарадскі актывізм у Беларусі застаецца цэнтралізаваным, сканцэнтраваным у сталіцы, хоць асобныя гарадскія ініцыятывы ўзнікаюць і ў іншых рэгіёнах краіны.

У Мінску актывісты «Ежа замет бомб» ладзяць бясплатную раздачу цёплай ежы і пітва для беспрытульных гараджан кожны тыдзень у трох розных кропках горада. Прадукты для акцый актывісты і актывісткі набываюць за свае ўласныя сродкі, заклікаючы жыхароў сталіцы далучацца да ініцыятывы і дапамагаць прадуктамі харчавання, аднаразовым посудам, сезоннай вопраткай і непасрэдным удзелам у мерапрыемствах. Фармат акцый і іх лакалізацыя ў розных частках горада забяспечваюць магчымасць удзелу ў іх прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, якія дзейнічаюць нароўных, зыходзячы са сваіх магымасцей, патрэб і перакананняў. Менавіта таму акцыі «Ежа замест бомб» уяўляюць сабой месцы сустрэчы, аб’яднаныя ў сеціва ўзаемавыгадных гарызантальных зносінаў з патэнцыялам аспрэчвання практык арганізацыі прасторы Мінска і канструявання альтэрнатыўных фарматаў сумеснага пражывання гараджан.

Спробы стварыць у Мінску гарадскі агарод, які б адпавядаў прынцыпам пермакультурнага агародніцтва, самаарганізацыі і гарызантальнасці, таксама ўжо маюць пэўныя вынікі: ініцыятыва «Гарадскі гародзік» выпускніц Школы экалагічнага актывіста прыцягнула ўвагу некаторых мінчан, і ўвосень актывісткі спадзяюцца падзяліцца з усімі ахвотнымі агароднінай, якую вырасцяць. Агарод месціцца ў двары галерэі Ў і, як вынікае з медыя-матэрыялаў, быў арганізаваны выпускніцамі Школы самастойна, без звароту да мясцовых жыхароў на этапе планавання. Пазітыўны патэнцыял, які, безумоўна, мае дадзеная ініцыятыва, ставіцца пад пытанне ў сувязі з недастатковай заангажаванасцю гараджан і прадстаўнікоў гарадскіх супольнасцей па-за межамі Школы альбо галерэі Ў. Сам фармат арганізацыі агарода абмяжоўвае магчымасці прадукавання гарадской прасторы як месца супрацы і сустрэчы прадстаўнікоў розных гарадскіх супольнасцей.

На маю думку, выбар актывісткамі для арганізацыі агарода двара галерэі Ў як «найбольш папулярнага месца сустрэч прагрэсіўнай моладзі і мінскай інтэлігенцыі» стварае нагоды для выключэння гараджан, якія не асацыююць сябе з «інтэлігенцыяй» альбо «прагрэсіўнай моладдзю», а тым больш тых, каго прынята называць «маргіналамі» (і на каго, прыкладам, арыентуюцца актывісты ініцыятывы «Ежа замест бомб», паколькі ўлічваюць высокую ступень іх сацыяльнай незабяспечанасці і выключанасці). Я схільна разглядаць такі падыход да арганізацыі агарода як элемент логікі выключэння, якая ўласцівая мэйнстрымавым формам агародніцтва, рэпрадукуе капіталістычны модус вытворчасці гарадской прасторы і ўсталёўвае новыя формы гентрыфікацыі, несправядлівасці і няроўнасці сярод жыхароў горада.

У адрозненне ад праекту «Альтэрнатыўны двор», ініцыятаркі Гародзіка выступаюць у ролі экспертак па арганізацыі гарадской прасторы ў дачыненні да жыхароў дадзенай лакацыі (прынамсі, менавіта гэта дыскурсіўна вынікае з медыйных рэпрэзентацый ініцыятывы), што не спрыяе ўсталяванню гарызантальных сувязей паміж гараджанамі і стварае перадумовы для ўзнікнення іерархічных зносінаў, у выніку чаго ўскладняецца станаўленне агарода як агульнай справы, патрэбу ў якой адчуваюць розныя гараджане.

Менавіта таму стратэгія папярэдняй камунікацыі з жыхарамі лакацыі, дзе плануецца ажыццяўленне той альбо іншай ініцыятывы па гарадскім земляробстве, уяўляецца мне надзвычай важным элементам стратэгіі пабудовы супольнасці і арганізацыі працы па прынцыпах уключанасці і неіерархічнасці. У гэтым выпадку ў праектаў такога кшталту ёсць магчымасць стаць нечым большым за хобі сярэдняга класу гараджан і стварыць перадумовы для перагляду прынцыпаў арганізацыі сучаснага горада і модусаў «(рэ)прадукавання сацыяльнага жыцця» ва ўрбаністычнай прасторы.

Праекты і ініцыятывы па камунальным агародніцтве і харчаванні маюць даволі вялікі патэнцыял да ўтварэння гарадскіх супольнасцей, салідарызацыі гараджан і артыкуляцыі прынцыпаў рэалізацыі экалагічнай і сацыяльнай справядлівасці ў межах горада і грамадства ў цэлым. Тым не менш, вынік ад канкрэтнай дзейнасці ў кожным выпадку вызначаецца ідэалагічнымі і этычнымі перадусталёўкамі ініцыятараў і ініцыятарак праектаў, актывістаў і актывістак і ўсіх удзельніц і ўдзельнікаў гарадскіх ініцыятыў.

У кантэксце Беларусі пры звароце да практык гарадскога агародніцтва і камунальнага харчавання, з аднаго боку, надзвычай важна ўлічваць ролю, якую адыгрывае падзел паміж вёскай і горадам ва ўяўленні вялікай колькасці гараджан, і аўтаматычнае адрыньванне імі ўсяго, што здаецца звязаным з земляробствам. З іншага боку, гістарычная памяць камуністычнага праекту калектывізацыі, калгасаў і камунальнага жыцця таксама мае ўплыў на ўспрыняцце ідэй сумеснай працы ў гарадскіх агародах і практык сумеснага харчавання. Менавіта таму надзвычай важным кампанентам любых гарадскіх ініцыятыў з’яўляецца кааперацыя актывістак і актывістаў з жыхарамі лакацый, у якіх ініцыююцца праекты, і праца па ўсталяванні гарызантальных сувязей паміж усімі ўдзельнікамі праектаў, нягледзячы на іх кампетэнцыі і вопыт. Магчыма, неабавязкова адразу ініцыяваць праект па стварэнні агарода як «месца культурнага развіцця беларусаў». Значна больш прадуктыўнымі могуць быць ініцыятывы маштабу двара альбо раёна, дзе змогуць сустракацца гараджане, якіх аб’ядноўваюць пэўныя прынцыпы альбо пражыванне ў пэўнай лакацыі, і якія згодныя з тым, што «калі даглядаць свой уласны кавалачак зямлі, то можна выслізнуць са свету грошай, урадаў, супермаркетаў».

У сувязі з гэтым адукацыйныя і культурніцкія мерапрыемствы для шырокай аўдыторыі, сацыяльныя вячэры і выйсце па-за межы цэнтральных раёнаў Мінска з арыентацыяй на прынцыпы самаарганізацыі, гарызантальнасці і інклюзіўнасці бачацца мне элементамі прадуктыўнай стратэгіі прыцягнення ўвагі гараджан да магчымасцей сумеснай працы па рэалізацыі «права на горад» прадстаўнікамі розных сацыяльных груп.